Раскоша знакамітых персідскіх дываноў прадстаўлена на выставе ў Віцебску

2 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Раскоша знакамітых персідскіх дываноў прадстаўлена на выстаўцы ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі. У экспазіцыі прадстаўлены дываны ручной работы, вырабленыя з шоўку і воўны. Вырабы разнастайныя як па памеры, так і па форме. Гэта і традыцыйныя прамавугольныя, круглыя, ёсць і незвычайныя для погляду дываны-"зоркі". Раскошныя раслінныя, арнаментальныя і сюжэтныя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць гэтыя творы мастацтва, навяваюць думкі пра цуды і казкі Усходу, мітусню быцця і бясконцасць Сусвету. На выстаўцы таксама прадстаўлены копіі работ каліграфічнага жывапісу і каліграфіі, якія ілюструюць Каран і тэксты твораў вядомых усходніх паэтаў. Гармонія ліній і стараннасць выканання мастацкага пісьма зачароўваюць сваёй вытанчанасцю і дасканаласцю. Убачыць усе экспанаты выстаўкі можна да 26 ліпеня. Знаёмства з імі падорыць незабыўныя ўражанні як цэніцелям усходняга мастацтва, так і непадрыхтаванаму гледачу. Арганізатарам выстаўкі выступае пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран.-0-