Расея пачынае ўсьведамляць памылковасьць спробаў ціску на Беларусь - А.Лукашэнка

14 красавіка, Мазырскі раён /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Расія пачынае усведамляць памылковасць спроб ціску на Беларусь. Такое меркаванне выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Думаю, Расія разумее, што была дапушчана найжудаснейшая памылка - зробленыя спробы ціску на Беларусь. Гэта бесперспектыўна, - падкрэсліў беларускі лідар. - І ўпэўнены, Прэзідэнт Расіі сёння гэта вельмі выразна пачынае усведамляць". Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яго бліжэйшая сустрэча з Дзмітрыем Мядзведзевым, хутчэй за ўсё, адбудзецца на працягу мая. "Мы з Дзмітрыем Анатольевічам нядаўна некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне, і ён прама сказаў: пара нам сустрэцца, пагутарыць, назапасіліся многія пытанні, часам наносныя, якія мы ў стане вырашыць. Я цалкам падтрымаў яго пункт гледжання. І ў цяперашні час кіраўнікі прэзідэнцкіх адміністрацый прапрацоўваюць аптымальныя тэрміны сустрэчы. Яна, магчыма, адбудзецца напярэдадні нефармальнага саміту СНД у Маскве 8 мая, можа быць, у канцы мая або пачатку чэрвеня, як мы звычайна сустракаліся ў Сочы", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Падчас сустрэчы са сваім расійскім калегам Прэзідэнт Беларусі мае намер абмеркаваць перспектывы ўдзелу расійскага капіталу ў акцыянаванні беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя таго, будуць разглядацца стратэгічныя пытанні развіцця Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. "Я хачу выразна разумець, што менавіта Расія і Казахстан хочуць ад МС і што ў такім выпадку будзе ад яго мець наша краіна, - адзначыў беларускі лідар. - Калі гэта будуць суцэльныя выключэнні, пошліны па нафце, газу і гэтак далей, то ў Беларусі напалову знізіцца цікавасць да такога саюза". Акрамя гэтага Аляксандр Лукашэнка мае намер абмеркаваць з Дзмітрыем Мядзведзевым пытанні доступу прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на рынак РФ. "У прынцыпе ўжо цалкам ясна, што блакаванне нашых тавараў на расійскім рынку прывяло да вельмі негатыўных вынікаў для саміх расіян", - заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён зноў падкрэсліў, што палітыка блакавання з боку Расіі зусім бесперспектыўная: Беларусь даказала, што яна ў стане выходзіць на іншыя, альтэрнатыўныя рынкі, ствараць айчынную імпартазамяшчальную вытворчасць. "Нам няма ніякага сэнсу сварыцца з Расіяй. Мы ні з кім не заіграем. Але калі нас пачынаюць пінаць і штурхаць у спіну - мы шукаем шчасця ў іншых кропках планеты", - адзначыў Прэзідэнт. Беларусь у стане сысці ад энергетычнай залежнасці ад Расіі па нафце і газу. "Нашы нядаўнія дамоўленасці з Венесуэлай - таму сведчанне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. "Галоўнае, каб надыходзячая сустрэча з Прэзідэнтам Расіі дала канкрэтныя вынікі, - сказаў беларускі лідар. - Што гэта такое, калі расійскі бок уводзіць пошліну на ўвоз нафтапрадуктаў у Беларусь? Другое пытанне: чаму для нас увялі пошліну на нафту, а Казахстану - краіне, у якой ёсць лішкі нафты, - не ўвялі? Чаму да беларусаў такое стаўленне? Мяркую, Прэзідэнт Расіі і сам разумее, што гэта занадта крыклівы прыклад". "Настаў час вельмі сур'ёзна пагаварыць аб перспектывах нашых адносін з Расіяй", - заключыў Аляксандр Лукашэнка.-0-