Расія прадставіла на "Славянскім базары ў Віцебску" ўсю палітру класічнага мастацтва

14 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Уся палітра класічнага мастацтва была прадстаўлена 13 ліпеня ў Дзень Расіі на "Славянскім базары ў Віцебску" ў тэатралізаваным прадстаўленні "Расія запрашае Вас на баль", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Незвычайныя дэкарацыі ператваралі фестывальную сцэну то ў балетны клас з люстэркамі, то ў калонную залу, то аднаўлялі атмасферу мадэрна з яго абстрактнымі формамі. Гледачы сустрэліся са сусветна вядомымі майстрамі балета - народнымі артыстамі Расіі Ілзе Ліепа, Надзеяй Грачовай і Андрэем Уваровым, лаўрэатамі міжнародных конкурсаў Ірынай Перэн і Маратам Шэміуновым. Народны танец прадставілі публіцы ўдзельнікі Маскоўскага дзяржаўнага тэатра танца "Гжэль". Гледачы сустрэліся таксама з народным артыстам Расіі Аляксандрам Малініным, Валерыем Меладзе, салісткай мюзіклаў Аленай Чарквіяні, салісткай тэатра "Новая опера" Анастасіяй Белуковай і з уладальнікам Гран-пры фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Дзмітрыем Даніленкам. Баль скончыўся дзіўным нумарам, у якім сустрэліся ўсе ўдзельнікі шоў.-0-