Расія ў выпадку неабходнасці гатова аказаць Беларусі дзяржпадтрымку ў пытаннях паставак газу - У.Пуцін
20 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Расія ў выпадку неабходнасці гатова аказаць Беларусі дзяржпадтрымку ў пытаннях паставак газу. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін па выніках перагавораў з кіраўніком беларускага ўрада Міхаілам Мясніковічам, якія адбыліся сёння ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы дамовіліся аб тым, што, калі спатрэбіцца, расійскі бок гатовы аказаць Беларусі дзяржаўную падтрымку ў пытаннях паставак газу, каб гэтыя пастаўкі не былі абцяжарнымі для Беларусі", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Разам з тым ён яшчэ раз пацвердзіў пазіцыю расійскага боку, што ў бягучым годзе пастаўкі газу ў Беларусь будуць ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дзеючым кантрактам. "У той жа час мы гатовы ўжо цяпер прыступіць да перагавораў аб умовах паставак расійскага газу ў Беларусь з 2012 года", - сказаў прэм'ер-міністр Расіі.
Прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў, што падчас перагавораў была практычна вызначана формула разліку за газ у 2012 годзе. "Ёсць адпаведная формула, ёсць графік руху да роўнадаходных цэн", - сказаў ён.
Міхаіл Мясніковіч таксама выказаў надзею, што пазіцыя расійскага боку дазволіць забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі.-0-