Расеец выйграў паездку на «Славянскі базар у Віцебску»
Радыё «Беларусь» сумесна з галоўнай дырэкцыяй міжнародных сувязяў Белтэлерадыёкампаніі падвяло вынікі віктарыны для замежных слухачоў «Гасцінная Беларусь». Галоўны прыз – паездку на XXIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» – выйграў сэрвісны інжынер медыцынскага абсталявання з Расіі Васіль Гуляеў. Пераможца зможа бясплатна наведаць усе мерапрыемствы культурнага форуму. Пражыванне і харчаванне за кошт прымаючага боку, у ролі якога выступае Белтэлерадыёкампанія. Самому Васілю трэба аплаціць толькі праезд да Віцебска.
Усяго ў конкурсе, які праходзіў з сакавіка па май, удзельнічалі 125 чалавек з Бангладэш, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іарданіі, Непала, Нігерыі, Польшчы, Кітая, ЗША, Расіі, Украіны.
Правільныя адказы на 25 пытанняў, якія тычацца гісторыі, культуры, традыцый, дзяржаўнага ладу, насельніцтва, славутасцяў, выдатных людзей Беларусі, а таксама развіцця спорту і турызму, сталі пуцёўкай на «Славянскі базар у Віцебску». Па рашэнні журы заахвочвальныя прызы дасталіся студэнту Белгародскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія) Аляксею Кіяшчанцы і прадпрымальніку з Кітая Нань Чжоу.
Як адзначыў кіраўнік радыё «Беларусь» Навум Гальперовіч, мэтай конкурсу было ў Год гасціннасці павялічыць колькасць турыстаў, якія прыязджаюць у нашу рэспубліку, каб пазнаёміцца з славутасцямі.
Алена Пятрова, "Віцебскія весці"
Фота Алены Пятровай