Расейскія і беларускія майстры пілатажу возьмуць удзел у турніры па верталётным спорце ў Віцебску
21 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Расійскія і беларускія майстры пілатажу прымуць удзел 23-24 мая ў клубных спаборніцтвах па верталётным спорце, прысвечаных 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва вучэбна-спартыўнай установе "Віцебскі аэраклуб імя А.Гараўца" ДТСААФ, на базе якога і адбудзецца турнір.
Усяго ў неба над Віцебскам будуць узнімацца 10 экіпажаў, у тым ліку шэсць расійскіх, якія прыбылі для ўдзелу ў спаборніцтвах на верталётах R-44 "Рабінсон". Упершыню на спаборніцтвах выступіць віцебскі сямейны экіпаж - майстар спорту міжнароднага класа Анатоль Дзятлаў будзе змагацца за ўзнагароды ў звязцы з сынам Сяргеем. У барацьбу з мужчынскімі экіпажамі ўступіць жаночая каманда Віцебскага аэраклуба ў складзе майстроў спорту міжнароднага класа Ірыны Гарэлышавай і Тамары Стэльмах.
Па рэгламенце турніру кожны экіпаж павінен выканаць 3 практыкаванні - слалам, развозка грузаў і навігацыя. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця лётчыкі прадэманструюць сваё майстэрства ў слаламе, адным з самых відовішчных відаў спаборніцтваў. Сутнасць яго ў тым, што груз на фале даўжынёй 11 м неабходна правесці праз 12 варот, устаноўленых на зямлі, пасля чаго ўсталяваць яго ў цэнтр стала плошчай 1 кв.м.
Пераможцы вызначацца па колькасці ачкоў, налічаных судзейскай калегіяй экіпажам за выкананне ўсіх практыкаванняў. Спаборніцтвы стануць адным з этапаў падрыхтоўкі верталётчыкаў да чэмпіянату СНД, які плануецца правесці ў канцы ліпеня на базе Віцебскага аэраклуба.-0-