Расійскія выканаўцы з нецярпеннем чакаюць выступлення з хорам імя Пятніцкага на "Славянскім базары ў Віцебску"

13 ліпеня, Віцебск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Расійскія артысты з нецярпеннем чакаюць выступлення са стогадовым хорам імя Пятніцкага, які павіншуе Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з 20-годдзем у Дзень культуры Расіі. У гэтым яны прызналіся сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў народны артыст Расіі і Татарстана Рэнат Ібрагімаў, ён вельмі ўдзячны лёсу за тое, што ён даў яму магчымасць стаць удзельнікам "Славянскага базару", у якім Рэнат бачыць велізарны фестывальны патэнцыял. "Тым больш прыемна, што мой прыезд супаў з юбілеем цудоўнага хору", - сказаў ён.

Народная артыстка Расіі і Грузіі Тамара Гвердцытэлі лічыць, што калі артыст здольны спяваць у розных музычных напрамках і пры гэтым можа быць пераканаўчым, у яго моцны вакал, то ён цалкам можа дазволіць сабе нейкі творчы пошук. "Я люблю ўсе песні, якія выконваю. Я вельмі ўдзячная хору, які сёння выступіць са мной на адной сцэне, для мяне гэта - каласальнае эмацыйнае і эстэтычнае задавальненне", - сказала Тамара Гвердцытэлі.

Спявачка Марына Дзявятава прызналася ў любові да народнай песні. Выканаўца распавяла, што з дзяцінства ўбірала гучанне народных інструментаў. Любоў да нацыянальнай культуры часткова прывіў Марыне бацька - народны артыст Расіі Уладзімір Дзявятаў. Марына адзначыла, што сёння ўвечары з задавальненнем выступіць перад віцебскай публікай.

Спявачка Зара, размаўляючы з журналістамі, прызналася, што для яе хвалююча выступаць з хорам імя Пятніцкага і яна пастараецца, каб усё атрымалася так, як было задумана. Зара распавяла, што шчыра любіць "Славянскі базар" і даўно марыць выступіць на фестывалі са сваім сольным канцэртам у суправаджэнні аркестра.-0-