Расейскія калекцыянэры падарылі музэю Марка Шагала ў Віцебску працы ўраджэнца Беларусі Анатоля Каплана
30 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Расійскія калекцыянеры Ісаак і Людміла Кушнір сёння перадалі ў дар музею Марка Шагала ў Віцебску 62 работы вядомага мастака Анатоля Каплана - ураджэнца Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дар віцебскаму музею складзены з малюнкаў, афортаў з серый ілюстрацый да твораў Шолам-Алейхема, жывапісных работ, якія прадстаўляюць розныя этапы творчасці Анатоля Каплана. Па прызнанні Ісаака Кушніра, нягледзячы на тое, што ён не быў асабіста знаёмы з мастаком, гэтым актам ён выканаў волю Каплана - вярнуцца на радзіму і пакінуць там свае работы. "Гэта правільна, калі работы мастака вяртаюцца. Так захоўваецца памяць пра яго", - дадала Людміла Кушнір.
Як адзначыла на прэс-канферэнцыі ў музеі Марка Шагала кандыдат мастацтвазнаўства, загадчыца аддзела малюнка і акварэлі XVIII-XX стагоддзяў Дзяржаўнага Рускага музея (Санкт-Пецярбург) Наталля Козырава, калекцыі большасці музеяў складаюцца з дароў мецэнатаў. Прыемна, што да гэтага часу засталіся шчырыя калекцыянеры, якія разумеюць, што мастацтва павінна належаць як мага большай колькасці людзей. Паводле яе слоў, нягледзячы на тое, што вялікая колькасць работ Каплана знаходзіцца ў прыватных калекцыях за мяжой, у Санкт-Пецярбургу ў пары Кушнір сабраны лепшыя творы мастака.
Дырэктар музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая прызналася, што падарунак быў нечаканым і вельмі прыемным. У планах музея прадставіць гэту калекцыю асобнай выставай, а таксама прадэманстраваць яе ў іншых гарадах Беларусі, у першую чаргу ў Рагачове. Паводле яе слоў, дамоўленасць з мясцовым музеем ужо ёсць.
Ісаак Кушнір дадаў, што цяпер яны з жонкай разглядаюць магчымасць перадаць значную частку сваёй калекцыі ў дар Рагачову.
Акрамя бясцэннага падарунка віцебскі музей Марка Шагала атрымаў магчымасць прадставіць шырокай публіцы больш за сто работ Анатоля Каплана са збору пары Кушнір. Выстава пад назвай "Я родам з Рагачова" адкрылася сёння ў Віцебску. Упершыню ў Беларусі так шырока прадстаўлена творчасць знакамітага ўраджэнца Рагачова.
Анатоль Каплан нарадзіўся ў пачатку ХХ стагоддзя ў Рагачове, былым тады яўрэйскім мястэчку. У 1918 годзе ён прыехаў у Віцебск, дзе і пазнаёміўся з Маркам Шагалам, які ўзначальваў у тыя гады губернскі камісарыят па справах мастацтваў. Шагал не пакінуў без увагі талент юнага мастака і рэкамендаваў яму ехаць у Петраград - вучыцца маляваць. З таго часу жыццё Анатоля Каплана назаўжды было звязана з горадам на Няве і творчасцю. У савецкім мастацтве Анатоль Каплан з'яўляўся прызнаным майстрам графікі, які імкнуўся ўвесці тэмы мястэчкавай яўрэйскай культуры ў рэчышча сучаснага мастацтва.
Як Шагал у сваіх работах увесь час вяртаўся ў родны горад Віцебск, так і Каплан у сваёй творчасці пастаянна ўспамінаў Рагачоў. Жыхароў, вулачкі гэтага маленькага правінцыйнага гарадка можна бачыць на многіх работах мастака. Ім створана графічная серыя "Успаміны пра Рагачоў".
Каплан не быў абдзелены славай. Аднак найбольшую вядомасць ён атрымаў за мяжой. Яго выставы, пачынаючы з 1961 года, праходзілі ў Лондане, Іерусаліме, Турыне, Дрэздэне, Венецыі, Празе, Бостане, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе. Пасля смерці мастака ў 1980 годзе геаграфія выстаў па-ранейшаму заставалася шырокай. Калекцыі работ Каплана захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага Рускага музея, музеі ім. Пушкіна. За мяжой выдадзена больш за 60 альбомаў і кніг, прысвечаных творчасці Анатоля Каплана. -0-