Расейскія журналісты і блогеры наведаюць Віцебскую вобласьць у межах прэс-туру

Больш за 80 прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных, федэральных і саюзных СМІ, экспертаў і блогераў 10-14 снежня наведаюць Беларусь у рамках прэс-тура.

Такія паездкі ў нашу краіну для расійскіх журналістаў арганізуюцца практычна кожны год. Іх мэта – паказаць, чым жыве Беларусь, як развіваецца яе эканоміка, чаго ўдалося дасягнуць за апошні час у сферы сацыяльнай палітыкі і што трэба вырашыць у найбліжэйшай перспектыве. Сёлета аб'ектам пільнай увагі прадстаўнікоў СМІ з 45 рэгіёнаў Расіі стане Віцебская вобласць.

Удзельнікі прэс-тура з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тамбова, Бранска, Белгарада, Тулы, Смаленска, Пскова, Варонежа, Архангельска, Мурманска, Калінінграда, Ноўгарада, Іжэўска, Казані, Уфы, Омска, Самары, Астрахані, Ростова, Хабараўска і іншых рэгіёнаў наведаюць Полацк.

Расіянам будзе цікава на свае вочы ўбачыць горад, які называюць «бацькам гарадоў беларускіх», калыскай беларускай дзяржаўнасці. Бо менавіта адсюль бяруць карані гісторыя і культура Беларусі, менавіта тут зараджалася беларускае кнігадрукаванне і асветніцтва. Рагвалод, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына – з гэтымі імёнамі неадрыўна звязаны гістарычны шлях нашай краіны.

Экскурсійная праграма па найстаражытнейшым горадзе ўключае наведванне філіялаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка – Сафійскага сабора і Музея беларускага кнігадрукавання. Расіяне пабываюць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры, які стаў прызнаным цэнтрам беларускага праваслаўя і духоўнасці. У цяперашні час святую абіцель штогод наведваюць сотні паломніцкіх і турыстычных груп. Памаліцца мошчам прападобнай Ефрасінні прыязджаюць хрысціяне з розных краін свету: Расіі, Малдовы, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі.

Далей удзельнікаў прэс-тура будзе прымаць Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Адміністрацыя ВНУ правядзе для гасцей аглядную экскурсію па старажытных корпусах былога Полацкага калегіума, паказваючы гістарычныя артэфакты і распавядаючы пра гісторыю першай на тэрыторыі Беларусі вышэйшай навучальнай установы.

У расійскіх журналістаў будзе магчымасць ацаніць прыгажосць адрэстаўраваных будынкаў, зручнасць навучальных аўдыторый, высокі ўзровень матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўніверсітэта.

Акрамя таго, прадстаўнікі СМІ наведаюць і адзін з самых маладых беларускіх гарадоў, які сёлета адзначыў 60-гадовы юбілей. Сваім нараджэннем Наваполацк абавязаны будаўніцтву нафтаперапрацоўчага завода. Сёння ААТ «Нафтан», у цэхах якога пабываюць расіяне, з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Еўропе нафтахімічных прадпрыемствам, прадукцыя якога заваявала рынкі больш чым паўсотні краін.

Завершыцца падарожжа па віцебскай зямлі сустрэчай з кіраўнікамі аблвыканкама, пасля чаго расійскія журналісты адправяцца ў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці.

Заключным акордам прэс-тура стане прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

"Віцебскія весці".