Расейскія журналісты наведалі Полацк у межах прэс-туру па краіне

Прадстаўнікі расійскіх рэгіянальных СМІ і саюзных масмедыя падчас візіту ў Полацк падзяліліся сваімі ўражаннямі аб нашай краіне.

Падчас прэс-туру расійскія журналісты наведалі Мінск, Салігорск, Слуцк, Барысаў, Жодзіна, а затым прыбылі ў найстаражытнейшы горад Беларусі. Які эканамічны патэнцыял Полацка, наколькі моцны прыватны сектар, як развіваюцца пабрацімскія сувязі і захоўваецца гісторыка-культурная спадчына? Гэтыя і іншыя пытанні закраналіся падчас круглага стала ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Прывітаўшы гасцей ад імя кіраўніцтва Віцебшчыны, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў запрасіў прадстаўнікоў СМІ наведаць і паўночную сталіцу Беларусі, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што падобныя сустрэчы будуць спрыяць умацаванню канструктыўных адносін паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі.

Старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук падкрэсліў важную ролю сродкаў масавай інфармацыі ў ацэнцы падзей і фарміраванні грамадскай думкі, адзначыў, што палачане заўсёды адкрыты для новых сяброўскіх сувязяў. Выказаўшы падзяку за шчыры прыём на гасціннай полацкай зямлі, журналісты расказалі, з якімі ўражаннямі з'язджаюць дадому.

"Віцебскія весці".