Расейскі мадэльер ацаніў калекцыю Аршанскага льнокамбіната
Усе дзесяць камплектаў, прадстаўленых на суд журы і публікі Тамарай Валодзька, былі раскуплены адразу пасля паказу.
Дыплом фіналіста і аўтарскія ювелірныя вырабы ў якасці падарунка прывезла з чарговага фэшн-форуму вядучы мадэльер-канструктар Аршанскага льнокамбіната Тамара Валодзька. Дзявяты год запар міжнародны фестываль «Плёс на Волзе. Льняная палітра» ажыўляе сваімі фарбамі старажытны рускі гарадок і становіцца ўнікальнай падзеяй культурнага жыцця не толькі Плёса, але і ўсёй Расіі. Менавіта сюды прыбываюць аналітыкі моды і журналісты, шматлікія ўдзельнікі і госці, мадэльеры з Расіі, Беларусі, Арменіі, краін Балтыі. Сёлетні форум сабраў каля 30 маладых мадэльераў, 25 дзіцячых тэатраў моды, прафесіяналаў дызайнерскага мастацтва. Прэзідэнт фестывалю – народны мастак Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ, акадэмік Вячаслаў Зайцаў.
На фэшн-форуме сваю новую калекцыю «Ільняная рапсодыя» прадстаўляла і Тамара Валодзька з Оршы.
– У гэтым свяце моды я прымаю ўдзел у чацвёрты раз, – распавядае Тамара Уладзіміраўна. – У 2010-м наша калекцыя пад назвай «Льняны калейдаскоп» заваявала вышэйшую ўзнагароду фестывалю – «Срэбны феникс». У 2006 і 2007 гадах распрацоўкі «Этна» і «Апошні экзамен» таксама выйшлі ў фінал і былі адзначаны дыпломамі.
З кожным годам расце ўзровень форуму, з'яўляецца нешта новае. Так, гэтым летам упершыню ў паказе была прадэманстравана максі-мода: прэт-а-партэ для поўных жанчын. Таксама парадавалі смелыя ідэі мадэльераў, дызайнерскія знаходкі.
Такія форумы як нельга лепш спрыяюць развіццю льняной фэшн-індустрыі, устанаўленню міжнародных эканамічных сувязяў, фарміраванню рынку. У праграме мерапрыемства годным увагі было ўсё: конкурсны паказ калекцый адзення, выкананых з ільняных, баваўняных, шаўковых тканін, ільняной пражы, фестываль дзіцячых тэатраў моды, «Пятроўскі кірмаш», святкаванне Дня горада Плёс. І, безумоўна, гала-паказ работ мадэльераў і дызайнераў, дзе новая калекцыя Аршанскага льнокамбіната выклікала захапленне і станоўчыя водгукі.
Усе 10 камплектаў, прадстаўленых на суд журы і публікі Тамарай Валадзько, былі раскуплены адразу пасля паказу. І гэта не дзіўна – палюбіць у жакардавыя ільняныя вырабы можна з першага погляду. На тэрыторыі постсавецкай прасторы такую тканіну на новым абсталяванні вырабляе толькі Аршанскі ільнокамбінат. Адметнасцю касцюмаў стала жакардавая паўльняная тканіна (83% лёну і 17% бавоўны) пад назвай «Энігма». Яна распрацавана спецыялістамі прадпрыемства – дызайнерам Таццянай Сазонавай сумесна з мастачкай Верай Нікішынай у рамках навукова-даследчай працы. Унікальнасць гэтай тканіны ў тым, што пасля змякчэння яна набывае аб'ём і выдатна падыходзіць для пашыву летне-восеньскіх паліто, жакетаў. Менавіта верхнія складнікі камплектаў сталі знаходкай калекцыі, якая ідзе ўслед за апошнімі тэндэнцыямі ільняной моды.
У гэтым пераканалася Тамара Валадзько, наведаўшы на мінулым тыдні другую ў Еўропе па маштабах выставу СРМ, якая прайшла ў Маскве.
– Гэта велізарная пляцоўка на 250 кв. м з павільёнамі, – дзеліцца ўражаннямі дызайнер. – Напрыклад, толькі італьянская частка была прадстаўлена 180 фірмамі-вытворцамі, французская – больш за 200. Прыемна здзівілі калекцыі шведаў на аснове прыбалтыйскай ільняной філігранню (яна была выкарыстана і ў некаторых мадэлях «Ільняной рапсодыі») і… аршанскіх ільняных тканін!
Дарэчы, перадавыя тэхналогіі ў стварэнні верхняга ільнянога адзення ўжо пачынаюць выкарыстоўваць у сваіх распрацоўках найбуйнейшыя беларускія вытворцы. Так, «Элема» закупляе тканіны Аршанскага ільнокамбіната для калекцыі «Вясна – лета-2015».
Што тычыцца мадэляў
«Льняная рапсодыя», якія атрымалі высокую ацэнку Вячаслава Зайцава і астатніх членаў журы, то на іх аснове ўжо шыюцца і ў канцы верасня паступяць у гандлёвую сетку рэспублікі першыя эксклюзіўныя 25 вырабаў.Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"