Расейскі "Арляня" мае намер прыцягнуць у 2017 годзе больш педатрадаў з Віцебскай вобласьці

Усерасійскі дзіцячы цэнтр "Арляня" у Краснадарскім краі мае намер павялічыць колькасць педагагічных атрадаў з Віцебскай вобласці ў наступным годзе, паведаміў першы сакратар абкама БРСМ Віктар Глушын.

"З "Арлянём" у нас на дадзены момант заключана каля 130 дагавораў - столькі хлопцаў у гэтым працоўным семестры працуюць або ўжо адпрацавалі ў лагеры ў складзе студатрадаў. У асноўным гэта сэрвісныя атрады. І з 12 мая па 7 жніўня ў "Арляні" працуе наш лепшы педагагічны атрад "НЛА Плюс". Хлопцы, якія пасля дзвюх змен вярнуліся ў Віцебск, прывезлі з сабой падзякі. Расіянам падабаюцца нашы студатрады, і яны зацікаўлены ў тым, каб павялічыць іх колькасць у наступным годзе", - растлумачыў Віктар Глушын.

Між тым вынікам новых кантактаў і дамоўленасцей БРСМ з наймальнікамі стала адпраўка 6 ліпеня ў горад Белаярскі Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі зводнага будаўнічага атрада. Крыху больш за 20 навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебска (пераважна Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа) будуць працаваць на мясцовых аб'ектах да 6 верасня.

"Працаўладкаванне ў гэтым годзе ідзе няпроста, будаўнічых аб'ектаў недастаткова. Таму з 2442 чалавек, якіх мы, паводле даных на 18 ліпеня, забяспечылі другаснай занятасцю, большасць працуе ў складзе сельскагаспадарчых і экалагічных атрадаў. Апошнія, як правіла, заняты на лесапасадках", - дадаў Віктар Глушын. Таксама невялікая колькасць прыцягнута да добраўпарадкавання горада Сянно, які прыме ў сябе абласное свята "Дажынкі". Гэты райцэнтр з яго аб'ектамі абвешчаны месцам абласной маладзёжнай будоўлі. І абкам БРСМ плануе ў хуткім часе правесці тут мерапрыемства, на якім уручыць байцам атрада адпаведныя пасведчанні.


Кацярына Князева - БЕЛТА.