Россонам перадалі копію сцяга, узнятага над Рэйхстагам

Россонам передали копию знамени, водруженного над Рейхстагом
Копію славутага штурмавога сцяга 150-й ордэна Кутузава II ступені Ідрыцкай стралковай дывізіі прывезлі ў рамках міжнароднай эстафеты «Сцяг Перамогі» прадстаўнікі Себежскага раёна, які суседнічае з Расонскім. Менавіта такі сцяг каля 3 гадзін раніцы 1 мая 1945 года узнялі Аляксей Бераст, Міхаіл Ягораў і Мелітон Кантарыя на будынку Рэйхстага ў Берліне, і ён стаў увасабленнем, афіцыйным сімвалам Перамогі.

Копію славутага штурмавога сцяга 150-й ордэна Кутузава II ступені Ідрыцкай стралковай дывізіі прывезлі ў рамках міжнароднай эстафеты «Сцяг Перамогі» прадстаўнікі Себежскага раёна, які суседнічае з Расонскім. Менавіта такі сцяг каля 3 гадзін раніцы 1 мая 1945 года узнялі Аляксей Бераст, Міхаіл Ягораў і Мелітон Кантарыя на будынку Рэйхстага ў Берліне, і ён стаў увасабленнем, афіцыйным сімвалам Перамогі.

Цырымонія перадачы ваеннай рэліквіі праходзіла ў Мемарыяльным скверы, дзе спачывае прах больш чым 2,5 тыс. воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Усяго ж на тэрыторыі раёна пахавана больш чым 7,5 тыс. байцоў, з іх звыш 2,8 тыс. невядомых.

– Тэма Вялікай Айчыннай значная і незабыўная на Расоншчыне, дзе кожны камень, кожная пясцінка зямлі захоўваюць у сабе памяць тых крывавых падзей. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 109 вёсак, некалі шматлюдныя населеныя пункты цалкам зніклі з твару зямлі. З вайны не вярнуўся кожны трэці жыхар раёна. Ветэранам, патрыятычнаму выхаванню моладзі пастаянна, не толькі ў юбілейныя дні, надаецца ўвага з боку органаў улады, грамадскасці. Для мяне як воіна-інтэрнацыяналіста асабліва значныя такія паняцці, як мір, магчымасць жыць у свабоднай і незалежнай краіне, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі.

Тэрыторыя раёна была акупавана яшчэ ў першыя месяцы вайны, але людзі жылі і змагаліся. Ужо ў жніўні 1941 года сталі стварацца падпольныя групы. Менавіта на Расоншчыне пакладзена пачатак партызанскаму руху, які пакінуў гераічную старонку ў гісторыі вызвалення. Тут узначальваў падпольную групу і партызанскі атрад будучы кіраўнік рэспублікі Герой Савецкага Саюза Пётр Машэраў.

Да пачатку 1943 года на стыку трох рэспублік – Расіі, Беларусі і Латвіі – утварыўся брацкі партызанскі край плошчай каля 10 тыс. кв. м з насельніцтвам 100 тыс. чалавек. У яго ўвайшлі ў тым ліку Себежскі і Ідрыцкі раёны. Тут дзейнічалі 26 партызанскіх брыгад і 40 атрадаў. Найвышэйшай ацэнкай гераізму і самаадданасці, праяўленых абаронцамі Айчыны, стала ўручэнне Расонам у 2010 годзе вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны», заснаванага ўказам Прэзідэнта Беларусі.

– Мы з вамі землякі, браты, тыя, хто памятае пра дзядоў і прадзедаў, хто перажыў жахі вайны, тыя, хто сёння павінен захоўваць мір. Ідрыца і Расоны былі вызвалены ад фашызму ў адзін дзень – 12 ліпеня 1944 года. Перадаючы копію Сцяга Перамогі, мы аддаём не проста найвялікшую рэліквію нашага народа, а часціцу ідрыцкай душы. Памятайце пра гэта, – адзначыў гісторык, ветэран Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі Уладзімір Спірыдонаў.

Расійскую дэлегацыю, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, навучэнцы Ідрыцкай сярэдняй школы, узначальваў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Себежскага раёна Мікалай Кавалёў. Ён, у прыватнасці, нагадаў, што пасёлак Ідрыца, які быў вызвалены пасля крывавых, працяглых баёў, даў назву тром стралковым дывізіям, танкавай брыгадзе і некалькім палкам. А намеснік старшыні райвыканкама Галіна Падвіцельская падкрэсліла, што ў вызваленні Расонскага раёна прымалі ўдзел многія злучэнні Чырвонай арміі, але першымі ў кастрычніку 1943 года на гэту зямлю ўступілі часткі 219-й Ідрыцкай стралковай дывізіі. Ад імя ветэранаў выступіў былы партызан, які змагаўся ў атрадзе, якім камандаваў Пётр Машэраў, франтавік Канстанцін Палявечка.

Адгэтуль копія Сцяга Перамогі будзе захоўвацца ў Музеі баявога садружнасці. А расіяне павязуць з сабой жменю свяшчэннай расонскай зямлі, палітай крывёю і жыхароў Себежскага раёна, якія змагаліся разам з прадстаўнікамі іншых народаў за свабоду і мір на зямлі.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"