Прагназуецца рост сярэднямесячнай заработнай платы на 15% у 2010 годзе ў Віцебскай вобласці
10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сярэднямесячная заработная плата ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе прагназуецца ў памеры больш за Br1 млн. і павялічыцца на 15%, паведаміў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, прадстаўляючы прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на 2010 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рост заработнай платы будзе забяспечаны пры апярэджваючым росце прадукцыйнасці працы ў галінах эканомікі. У 2010 годзе колькасць занятых у эканоміцы вобласці дасягне 582 тыс. чалавек, узровень беспрацоўя прагназуецца ў межах 1,4-1,6% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.
Асноўнымі задачамі прадпрыемстваў рэгіёна ў наступным годзе стануць павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, пашырэнне экспартных паставак, пошук новых рынкаў збыту. Так, на ААТ "Даламіт" прадугледжваецца рэалізаваць чатыры інвестыцыйныя праекты, у тым ліку будаўніцтва тэхналагічнай лініі для вытворчасці мінеральнага парашку для шкляной прамысловасці. Аршанскі льнокамбінат працягне тэхнічную мадэрнізацыю, што дазволіць знізіць знос асноўных вытворчых фондаў у 2011 годзе да 43,7% супраць 87,9% у 2008 годзе. Прадпрыемствы мясамалочнай галіны маюць намер накіраваць на тэхпераўзбраенне больш за Br157 млрд. Па выніках 2010 года тэмп росту прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах прагназуецца на ўзроўні 112%-114%, спажывецкіх тавараў - 114%-115%.
Тэмпы росту экспарту, імпарту і сальда знешнегандлёвага абароту для прадпрыемстваў камунальнай уласнасці ўстаноўлены на ўзроўні 124%, 116% і "плюс" $75 млн. адпаведна. У прыватнасці, прадпрыемствы малочнай перапрацоўкі плануюць павелічэнне экспарту на рынкі Сірыі, Саудаўскай Аравіі, В'етнама, Індыі.
Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці на 2010 год будзе вынесены на разгляд сесіі абласнога Савета дэпутатаў 18 снежня.-0-