Расціслаў Крымер завершыць дабрачынную акцыю да Дня сям'і канцэртам у Віцебскім раёне

14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вядомы беларускі піяніст Расціслаў Крымер выступіць у Дзень сям'і з канцэртам для дзяцей-сірот у Віцебскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама. Выступленне тытулаванага музыканта адбудзецца ў Вялікалетчанскім дзяржаўным дзіцячым доме, дзе ўтрымліваюцца дзеці-сіроты ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Пачуць лепшыя творы класікі ў яго выкананні змогуць усе дзеці, акрамя самых маленькіх. Дабрачынная акцыя Расціслава Крымера для дзяцей-сірот і хворых дзяцей, прысвечаная Дню сям'і, праводзіцца з 1 па 15 мая. За гэты час артыст даў па адным канцэрце ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Выступленне ў Віцебскай вобласці завершыць чараду выступленняў. Расціслаў Крымер з'яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, дырэктарам і мастацкім кіраўніком Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. У скарбонцы таленавітага піяніста, які выступаў на адной сцэне з многімі вядомымі музыкантамі свету, шматлікія званні і ўзнагароды, заваяваныя на розных прэстыжных міжнародных конкурсах.-0-