Ротару і Меладзэ прымусілі віцяблян з ранку стаць у чаргу па квіткі на "Славянскі базар"

29 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Сольныя канцэрты Сафіі Ратару і Валерыя Меладзэ прымусілі віцяблян спазаранку стаць у чаргу за білетамі на XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Рэалізацыя білетаў пачнецца сёння ў 10.00, а ля касаў ужо стаяць нецярплівыя гледачы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Невялікі апытальнік тых, хто чакае пачатку продажу, паказаў, што асаблівую цікавасць выклікалі канцэрты Сафіі Ратару, Валерыя Меладзэ, урачыстае адкрыццё фестывалю і зборны канцэрт "Танцуй да раніцы". Як правіла, на "Славянскі базар" адзін чалавек купляе некалькі білетаў - сабе, родным і сябрам. Прычым не толькі тым, хто жыве ў Віцебску, але і гасцям з блізкага і далёкага замежжа. На сцэне Летняга амфітэатра запланавана правесці 18 канцэртаў. Чакаецца, што іх паглядзяць каля 100 тыс. гледачоў. Сярод зорак, заяўленых у афішах канцэртаў, Лара Фабіян, Сара Коннар, Райманд Паўлс, Дольф Лундгрэн, Валерый Лявонцьеў, Мікалай Баскаў, Роза Рымбаева, ансамбль "Беларускія песняры", Анатоль Ярмоленка і "Сябры", Сафія Ратару, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Барыс Маісееў, Валерый Меладзэ, Надзея Кадышава і ансамбль "Залатое кальцо". Па традыцыі на фестывалі адбудуцца канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны і Масквы. Кошт білетаў на фестывальныя канцэрты ў Летнім амфітэатры вагаецца ад Br10 тыс. да Br350 тыс. Самыя дарагія білеты - на канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю. Сольныя выступленні Лявонцьева, Ратару, Меладзэ і Маісеева ацэнены ў суму ад Br40 тыс. да Br100 тыс. На выступленні Надзеі Кадышавай з ансамблем і арт-групы "Хор Турецкага" білеты каштуюць ад Br30 тыс. да Br80 тыс. Білеты будуць рэалізоўвацца як за наяўны, так і безнаяўны разлік. У горадзе адкрыты тры касы па продажы білетаў за наяўны разлік. Час іх працы ўстаноўлены з 10.00 да 20.00 з перапынкам з 14.30 да 15.00. XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 10 па 16 ліпеня. Гала-канцэрт урачыстага адкрыцця адбудзецца 10 ліпеня. Першы фестывальны канцэрт на Летнім амфітэатры дасць Валерый Лявонцьеў 9 ліпеня ў 22.00, а фестывальным эхам стануць "Зоркі радыё "Шансон" - канцэрт пад такой назвай апошні ў афішы XVIII "Славянскага базару ў Віцебску" і адбудзецца ён 17 ліпеня.-0-