Роўна 90 гадоў таму нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат, ганаровы грамадзянін Віцебска Жарэс Алфёраў. Чым ён вядомы?

Жарэс Іванавіч Алфёраў нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. Свой першы дэтэктарны прыёмнік ён сабраў у 10-гадовым узросце. Пераязджаючы з горада ў горад следам за бацькам, які быў вайскоўцам, юны Алфёраў у 1947 годзе скончыў мінскую школу № 42 з залатым медалём.

Па парадзе настаўніка фізікі Якава Мельцэрзона ён некалькі семестраў праслухаў у Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер БНТУ) на энергетычным факультэце, пасля чаго паехаў паступаць у Ленінград.

У 1953 годзе Алфёраў пачаў працаваць у Фізіка-тэхнічным інстытуце ў Ленінградзе, дзе стаў першакласным спецыялістам па квантавай фізіцы паўправадніковых прыбораў, стварыў навуковую школу, а ў 1987 годзе стаў дырэктарам інстытута. Дарэчы, менавіта па яго ініцыятыве ў 1972 годзе былі створаны кафедры оптаэлектронікі ў Ленінградскім электратэхнічным інстытуце і Ленінградскім політэхнічным інстытуце, а ў апошнім у 1988 годзе арганізаваны фізіка-тэхнічны факультэт.

У 1963 годзе даследчык атрымаў свой першы патэнт. Працы Алфёрава прынеслі яму славу вучонага-першаадкрывальніка і паклалі пачатак новай навуковай школе — фізіцы паўправадніковых гетэраструктур.

Жарэс Алфёраў таксама прыклаў свае намаганні да стварэння першых у СССР транзістараў, фотадыёдаў і германавых выпрамнікоў. Ён адкрыў з'яву звышінжэкцыі ў гетэраструктурах, прапанаваў прынцып выкарыстання гетэраструктур у паўправадніковай электроніцы. Распрацаваныя ім сонечныя батарэі забяспечвалі электрычнасцю касмічную станцыю «Мір».

У 2000 годзе Жарэсу Алфёраву і яго амерыканскім калегам Герберту Крэмеру і Джэку Кілбі за іх сумесную працу ў галіне сучаснай інфармацыйнай тэхналогіі была прысуджана Нобелеўская прэмія па фізіцы.

Дзякуючы адкрыццям і распрацоўкам вучонага, былі створаны мабільныя тэлефоны, кампакт-дыскі, дэкодэр таварных ярлыкоў, аўтамабільныя фары і многія іншыя рэчы, якія нас атачаюць. Жарэс Алфёраў з'яўляецца аўтарам больш за 500 навуковых прац і 50 вынаходак.

У 1995 годзе вучоны быў абраны замежным членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2001 годзе Прэзідэнт Беларусі за вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай навукі, арганізацыю беларуска-расійскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, умацаванне дружбы народаў Беларусі і Расіі ўзнагародзіў Жарэса Алфёрава ордэнам Францыска Скарыны, а ў 2009 годзе — ордэнам Дружбы народаў.

У 2008 годзе Алфёраў заснаваў Фонд падтрымкі адукацыі і навукі. У 2014 годзе выступіў ініцыятарам заснавання Прэміі НАН Беларусі і Алфёраўскага фонду маладым (да 35 гадоў) беларускім вучоным за навуковыя працы і вынаходствы, якія маюць важнае значэнне для фундаментальнай і прыкладной навукі.

Даследаванні вучонага адзначаны Ленінскай і Дзяржаўнай прэміямі СССР і Расійскай Федэрацыі, Дэмідаўскай прэміяй, міжнароднай энергетычнай прэміяй «Глобальная энергія».

Жарэс Алфёраў – ганаровы грамадзянін Мінска і Віцебска. Яго імя носіць мінская гімназія № 42 і віцебская гімназія № 1. У 1977 годзе ў гонар вучонага была названа малая планета. А крыху пазней Санкт-Пецярбургскаму нацыянальнаму даследчаму акадэмічнаму ўніверсітэту Расійскай акадэміі навук было прысвоена яго імя.

У мінулым годзе 1 сакавіка на 89-ым годзе жыцця памёр ураджэнец Беларусі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў. Сёння, 15 сакавіка, яму споўнілася б 90 гадоў.

«Мінск-Навіны».