Нараджальнасць у Беларусі расце і ў гарадах, і на вёсцы

26 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі, па аператыўных даных, у студзені-маі гэтага года нарадзіліся 44 тыс. 712 дзяцей – на 4,6% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Шэметавец. Сярод рэгіёнаў рэспублікі ў лідары па росце колькасці нараджэнняў малых выйшла Віцебская вобласць (107%). На другой пазіцыі – Мінская вобласць (106,8%), на трэцяй – Мінск (105,6%), а самы нізкі гэты паказчык у Брэсцкай вобласці (101,8%). Прычым нараджальнасць павялічваецца і ў гарадах, і на сяле. У студзені-маі бягучага года ў сем'ях гараджан з'явіліся 33,7 тыс. сыноў і дачок – на 4,7% больш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам, а ў сем'ях вяскоўцаў нарадзіліся звыш 11 тыс. малых (на 4,3% больш). Зменшылася колькасць нованароджаных толькі ў гарадскіх паселішчах Брэсцкай вобласці і ў сельскай мясцовасці Магілёўскай вобласці, адзначыла Таццяна Шэметавец. Агульны каэфіцыент нараджальнасці ў студзені-маі гэтага года ў цэлым па рэспубліцы склаў 11,2 на 1000 жыхароў (для параўнання: у студзені-маі 2008 года было 10,6 праміле). Сярод рэгіёнаў краіны самы высокі дадзены паказчык адзначаны ў Брэсцкай вобласці (11,8 праміле), самы нізкі – у Віцебскай вобласці (9,9 праміле). За пяць месяцаў гэтага года ў Беларусь прыбылі 8 тыс. 67 чалавек, выбылі 2 тыс. 825. Міграцыйны прырост за гэты перыяд склаў 5 тыс. 242 чалавекі. Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 чэрвеня гэтага года склала 9 млн. 663,5 тыс. чалавек.-0-