Розничны тавараабарот у Віцебскай вобласці за I квартал павялічыўся на 16,9%
13 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэалізацыя тавараў у Віцебскай вобласці за I квартал склала 116,9% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года пры заданні 112-115%. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
Усяго за студзень-сакавік насельніцтву прададзена тавараў на суму Br5 трлн. Па тэмпе росту тавараабароту рэгіён займае другое месца сярод абласцей рэспублікі пасля Магілёўскай вобласці (117,6%; па рэспубліцы - 107,4%). У развіцці тавараабароту захавалася пазітыўная тэндэнцыя апярэджваючага росту продажу нехарчовых тавараў у параўнанні з харчовымі (130,9% і 106% адпаведна). Пакупніцкі попыт задавольваўся пераважна за кошт продажу беларускай прадукцыі. Удзельная вага айчынных тавараў у тавараабароце гандлёвай сеткі за студзень-сакавік склала 80,7%. Пры гэтым па выніках работы за студзень-люты 2012 года забяспечаны самы высокі сярод галін вобласці тэмп росту валавой дабаўленай вартасці секцыі G (гандаль; рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання) - 190,9%. "Удзельная вага секцыі ў структуры валавога рэгіянальнага прадукту вобласці склала 14,2%, што сведчыць аб яе дастаткова важкім укладзе ў развіццё эканомікі рэгіёну", - адзначылі спецыялісты.
У цэлым на спажывецкім рынку Віцебскай вобласці захоўваецца стабільнае становішча. Забеспячэнне насельніцтва харчовымі і нехарчовымі таварамі ажыццяўляецца бесперабойна і ў шырокім асартыменце.-0-