Кіраўніца гуртка з Віцебска сабрала ў дзяцей грошы на аздараўленне і пагасіла Br52 млн. запазычанасці па крэдытах

10 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кіраўніца гуртка з Віцебска сабрала ў дзяцей грошы на аздараўленне за мяжой і пагасіла Br52 млн. запазычанасці па сваіх банкаўскіх крэдытах. Крымінальная справа па факце прысваення даверанай маёмасці ўзбуджана чыгуначным РАУС Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік чыгуначнага РАУС Сяргей Блажэвіч. Па яго словах, з такой справай супрацоўнікі праваахоўных органаў горада сутыкнуліся ўпершыню. Дасведчаная 54-гадовая педагог, якая на працягу 15 гадоў кіравала інтэлектуальным клубам у абласным аб'яднанні па пазашкольнай рабоце, апроч сваёй асноўнай дзейнасці 10 гадоў займалася яшчэ і тым, што навучэнцам розных школ горада прапаноўвала пуцёўкі ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры ў Чэхіі і Італіі. У канцы гэтага навучальнага года яна зноў прапанавала вучням дзвюх гімназій і іх бацькам паездку за мяжу. Адправіцца ў падарожжа пагадзіліся 27 вучняў і 8 бацькоў. Дзецям пуцёўка абышлася ў 365 еўра, дарослым - у 465 еўра. Акрамя таго, кожны заплаціў па Br110 тыс. за праезд. Такім чынам, на руках у педагога апынулася Br52 млн. Але замест таго, каб перадаць гэтыя грошы ў турфірму, яна вырашыла пагасіць запазычанасць па крэдытах, якія брала ў 10 банках горада, у надзеі потым узяць новы крэдыт, каб аплаціць пуцёўкі. Аднак у крэдыце ёй было адмоўлена: як аказалася, гэтая дама яшчэ засталася павінна банкам каля Br60 млн. Зразумела, набыць пуцёўкі аказалася няма на што. Бацькі падманутых дзяцей напісалі заявы ў міліцыю. У ходзе следства высветлілася, што пуцёўкі ў замежныя лагеры педагог купляла ў мінскай турыстычнай кампаніі і прапаноўвала на 10-15 еўра даражэй. Акрамя таго, для атрымання крэдытаў яна выкарыстоўвала фіктыўныя дакументы аб даходах, а грошы траціла на закупку тавараў, бо з'яўлялася яшчэ і індывідуальным прадпрымальнікам. Сяргей Блажэвіч не выключае, што далейшае следства дасць падставы для ўзбуджэння крымінальных спраў яшчэ па некалькіх артыкулах. Хоць і па прад'яўленым цяпер артыкуле педагогу пагражае ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі. падазраваная знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Начальнік РАУС звярнуў увагу на недапушчальную даверлівасць бацькоў. Як аказалася, ніхто з іх не сустракаўся з гэтым педагогам, не цікавіўся ў турфірмы, па якой цане яны прадаюць пуцёўкі ў гэтыя замежныя лагеры, грошы перадаваліся без якіх-небудзь дакументаў. -0-