Кіраўнікі райвыканкамаў Віцебскай вобласці 12 снежня выйдуць на прамую тэлефонную сувязь з жыхарамі
10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На прамую тэлефонную сувязь з жыхарамі Віцебскай вобласці 12 снежня выйдуць усе кіраўнікі раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Пра гэта ён сёння паведаміў на чарговай сесіі Віцебскага аблсавета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Работа са зваротамі грамадзян застаецца ў цэнтры ўвагі мясцовых улад. За 10 месяцаў бягучага года ў аблвыканкам паступіла звыш 3,7 тыс. зваротаў грамадзян, што на 17% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На думку губернатара, гэта сведчыць аб тым, што грамадзяне давяраюць уладзе. У зваротах пераважае тэматыка камунальнай і жыллёвай гаспадаркі. Найбольш востра стаяць пытанні капітальнага рамонту жылфонду, у тым ліку выкананне тэрмінаў пастаноўкі жылля на капітальны рамонт, добраўпарадкаванне прыдамавых і дваравых тэрыторый, вуліц, выдзяленне сацыяльнага жылля.
Усе праблемы, абазначаныя жыхарамі вобласці ў ходзе прамых тэлефонных ліній з кіраўнікамі мясцовай улады, будуць акумулявацца. Гэта дазволіць не толькі вырашыць праблемы асобнага чалавека, але і выявіць "больныя кропкі" рэгіёнаў. "Выходзячы на сувязь з жыхарамі вобласці, вы павінны да кожнага чалавека ставіцца як да блізкага", - заклікаў сваіх калег губернатар.-0-