Кіраўнікам прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ўручаны прэміі за якасць выпускаемай прадукцыі

Руководителям предприятий Витебской области вручены премии за качество выпускаемой продукции

У сучасных умовах сістэмная праца над якасцю прадукцыі служыць гарантыяй будучых значных поспехаў у вытворчай дзейнасці, абавязковай умовай забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадукту і следствам укаранення высокаэфектыўных тэхналогій. Менавіта таму лаўрэаты штогадовых рэспубліканскіх і абласных конкурсаў у галіне якасці ўваходзяць у лік лідэраў індустрыі і фарміруюць станоўчы імідж айчыннага вытворцы.

Пра гэта ішла размова 20 мая ў ходзе ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на здабыццё прэміі аблвыканкама і рэспубліканскіх аглядаў «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі» і «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», праведзенай у Канцэртнай зале «Віцебск». Па выніках 2014 года гэтымі прэстыжнымі ўзнагародамі адзначаны поспехі 23 прадпрыемстваў, яшчэ 4 арганізацыі вобласці сталі ўладальнікамі адпаведных прэмій Урада Рэспублікі Беларусь.

Як падкрэсліў дырэктар Віцебскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Павел Якаўлеў, сёння ўзровень якасці выпускаемай прадукцыі напрамую залежыць ад таго, наколькі аператыўна кіраўнікі могуць укараняць міжнародныя і еўрапейскія стандарты на ўсіх стадыях яе вытворчасці. На Віцебшчыне 327 прадпрыемстваў маюць сертыфікаваную сістэму менеджменту якасці па СТБ ІСО 9001. Канкурэнтнымі ўмовамі пастаўкі прадукцыі на знешнія рынкі з'яўляецца ўкараненне сістэм кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове прынцыпаў HACCP. Такія сістэмы сертыфікаваны на 37 суб'ектах гаспадарання. Шэсць вытворцаў укаранілі стандарт ІСО 22000, які дазваляе прасочваць бяспеку прадукцыі па ўсёй ланцужку «ад поля да стала», чаму аддаецца перавага ў краінах Еўрасаюза.

Красномоўным пацвярджэннем таго, што мясцовая харчовая індустрыя развіваецца з улікам сусветных тэндэнцый спажывання экалагічна чыстых прадуктаў, з'яўляецца наяўнасць на прылаўках нашых крам айчынных вырабаў са знакам «Натуральны прадукт». Сёння 10 прадпрыемстваў вобласці атрымалі права такой маркіроўкі 109 найменняў прадукцыі. Яшчэ 7 вытворцаў годна вытрымалі праверку адпаведнасці еўрапейскім патрабаванням і атрымалі права нанясення СЕ-маркіроўкі на 107 тавараў.

Акрамя таго, 25 прадпрыемстваў укаранілі і сертыфікавалі сістэмы кіравання навакольным асяроддзем па стандартах ІСО 14001, што спрыяе арганізацыі вытворчасці з выкананнем экалагічных нормаў. Амаль 130 арганізацый сертыфікавалі сістэмы кіравання аховай працы на адпаведнасць СТБ 18001.

Удзел у конкурсах за дасягненні ў галіне якасці дапамагае вытворцам па-новаму зірнуць на створаныя інструменты кіравання і матывуе да іх удасканалення, дадаў Павел Якаўлеў. З 2000 года лаўрэатамі прэміі аблвыканкама сталі 54 суб'екты гаспадарання, 37 пацвердзілі гэта ганаровае званне. На гэты раз першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў уручыў памятныя дыпломы кіраўнікам ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод», ЗАТ «Аршанская ПТФ «Світанак», Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне БелЖД», філіяла Полацкі хлебазавод ААТ «Віцебскхлебпрам».

Сяргей Анто́наў, "Віцебскія весці"