Кіраўніку «Хора Турецкага» дапамагаюць моцныя беларускія карані

16 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Аб сваіх беларускіх каранях расказаў сёння журналістам кіраўнік папулярнай расійскай арт-групы "Хор Турецкого" Міхаіл Турэцкі. Яго прэс-канферэнцыя стала апошнім "Зорным часам" для прадстаўнікоў СМІ на XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мае бацькі родам з Беларусі, - сказаў музыкант. - Я вельмі яе люблю, адчуваю як малую радзіму. Мая маці нарадзілася ў Мар'інай Горцы, бацька з Магілёўскай вобласці". Да моманту іх знаёмства бацька ўжо жыў у Маскве, але ў 1940 годзе прыехаў у Пухавічы, дзе і сустрэў 17-гадовую дзяўчыну, сваю будучую жонку. Перад вайной ён забраў яе ў Маскву. "Калі немцы ў ліпені 41-га ўвайшлі ў Пухавічы, яны ўсіх сваякоў маці закапалі жыўцом, - працягнуў аповяд Міхаіл Турэцкі. - Атрымалася, што бацька выратаваў ёй жыццё". Бацькі Турэцкага 66 гадоў пражылі ў шчаслівым шлюбе, яго мама памерла ва ўзросце 84 гадоў, а бацька, якому споўнілася 96, жывы. "Ён яшчэ год таму катаўся на каньках, так што беларускія карані - моцныя, і яны мне вельмі дапамагаюць", - з усмешкай дадаў музыкант. Калектыў пад кіраўніцтвам Турэцкага існуе ўжо амаль два дзесяцігоддзі. Яго стыль - спалучэнне класічнай музыкі і эстраднага шоў - выклікае розныя меркаванні ў крытыкаў, але ніхто не можа дакарыць артыстаў, што яны кагосьці капіруюць: "Хор Турецкого" валодае яркай індывідуальнасцю. На "Славянскім базары ў Віцебску" калектыў ужо не ў першы раз. Сёння ён прыме ўдзел у цырымоніі закрыцця фестывалю, а 17 ліпеня прадставіць у Летнім амфітэатры новую праграму пад назвай "Шоу працягваецца". -0-