Кіраўніцтва вобласці выказала спачуванне ў сувязі са смерцю Радзівона Баса
Нарадзіўся Р.М.Бас 29 лістапада 1952 года ў Віцебску. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 1976 годзе з Віцебскага гарадскога Дома культуры, які ён узначаліў у 1981 годзе. З'яўляўся арганізатарам розных фестываляў і конкурсаў: эстраднай песні і музыкі «Чырвоная гваздзіка», бальнага танца «Вясновы баль», інструментальнай і джазавай музыкі «Віцебская восень», Міжнароднага фестывалю «Парад дыксілендаў», «Віцебская прыгажуня». Усё, чым займаўся Радзівон Міхайлавіч, адрознівалася вялікай ступенню таленту, прафесіяналізмам, патрабавальнасцю да сябе і падначаленых.
У 1988 – 1990 гады Р.М.Бас быў дырэктарам Усесаюзнага фестывалю польскай песні ў Віцебску. У 1991-м стаў адным з ініцыятараў арганізацыі і правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску.
Ён здолеў згуртаваць вакол сябе каманду прафесіяналаў, здольных ператварыць фестываль у маштабнае свята, якое ўключае ўсе віды мастацтва. Нявычарпальную энергію, вопыт, веды Радзівон Міхайлавіч аддаваў працы. Фестываль «Славянскі базар у Віцебску» стаў унікальнай культуралагічнай з'явай на постсавецкай прасторы, візітнай карткай Віцебска і Рэспублікі Беларусь.
Р.М.Бас з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый (FIDOF). Ён пакінуў значны след у гісторыі міжнароднага фестывальнага руху. Прымаў удзел у рабоце міжнародных фестываляў і конкурсаў у Германіі, Грузіі, Егіпце, Ізраілі, Казахстане, Латвіі, Літве, Малдове, Польшчы, Расіі, Сербіі, Францыі.
У 2002 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Р.М.Басу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». Яго дзейнасць, актыўная жыццёвая пазіцыя адзначаны залатым медалём «За заслугі ва ўмацаванні польска-савецкай дружбы. Польшча – СССР», узнагародамі Саюзнай дзяржавы, іншымі высокімі ўзнагародамі. У 2011 годзе яму прысвоены званні «Чалавек года Віцебшчыны», «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска».
Гэта быў арганізатар высокага класа, адказны, інтэлігентны, неабыякавы чалавек.
Светлая памяць аб Радзівоне Міхайлавічы Басе назаўжды захаваецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, хто з ім працаваў.
Н. Н. Шарснёў, У. У. Церанцьеў, А. С. Мацкевіч, У. Н. Белавус, У. У. Аскерка, У. П. Пянін, А. У. Сысоеў, І. У. Кубракоў, С. М. Феактыстаў, У. У. Зараўкін, У. П. Мікалайкін, У. С. Башметаў, У. І. Белевіч, С. У. Сташэўскі, Ю. А. Панфілаў, М. У. Арлоў, Г. М. Ягораў, Л. К. Аленская, А. П. Сідарэнка, М. П. Пашынскі.