Кіраўніцтва Віцебскай вобласці віншуе жыхароў рэгіёну з 75-годдзем Вялікай Перамогі

 Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! 
Паважаныя жыхары вобласці!
 

Віншуем вас з 75-годдзем Вялікай Перамогі!

У гэтым свяце заключаны ўрачыстасць свабоды, радасць тых, хто вярнуўся з вайны, вера ва ўласныя сілы, гонар за Айчыну.

Дарога да пераможнага салюту 1945 года была неймаверна цяжкай. Каб адстаяць свабоду і незалежнасць, нашаму народу давялося спазнаць гора, пакуты, боль непапраўных страт. Жывым шчытом на шляху вераломнага агрэсара сталі мільёны савецкіх людзей. Сярод тых, хто першым прыняў удар ненавіснага ворага, стала родная Беларусь, наша Віцебшчына.

Сотні населеных пунктаў вобласці ператварыліся ў месцы жорсткіх і вырашальных бітваў. Нашы суайчыннікі мужна адбівалі атакі захопнікаў, праліваючы кроў на франтах, у партызанскіх атрадах і групах антыфашысцкага супраціву. За ўсе здзекі і беспарадкі нацызм атрымаў адплату — злая сіла фашызму была разгромлена. За перамогу ў Вялікай Айчыннай мы заплацілі жыццём кожнага трэцяга жыхара вобласці. 127 нашых землякоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

З найглыбейшай павагай аддаём даніну памяці загінулым на вогненных палях бітваў, спаленым жыўцом, расстраляным карнікамі, памерлым ад ран у шпіталях. Выказваем удзячнасць за ратную і мірную працу пакаленню пераможцаў — захоўвальнікам гістарычнай праўды, носьбітам традыцый народнага адзінства, стойкасці і любові да Радзімы.

Сёння памяць аб ваенных падзеях мінулага стагоддзя аб'ядноўвае ўсіх: і ўдзельнікаў бітваў, і тых, хто ведае пра подзвіг з кніг, кінафільмаў, успамінаў ветэранаў. На жаль, усё менш становіцца сярод нас жывых сведкаў тых страшных дзён ваеннага ліхалецця. Ветэраны, якія засталіся ў страі, з'яўляюцца маральнай апорай для сучаснікаў, абавязак якіх — не дапусціць зараджэння новых смяротных доктрын і паўтарэння сцэнарыяў узброеных канфліктаў.

Ад усёй душы жадаем вам здароўя, шчасця, дабрабыту, бадзёрасці духу, міру і дабра!

З святам! З Днём Перамогі!


З павагай,

Н.Н.Шарсцянёў,                                                           У.У.Тэрэнцьеў,
старшыня                                                             старшыня 
Віцебскага абласнога                                           Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта                                   Савета дэпутатаў