Кіраўніцтва Віцебскай вобласці віншуе жыхароў рэгіёна з Днём Канстытуцыі

 Віншуем вас з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь!

З сённяшняга дня Беларусь жыве з абноўленай Канстытуцыяй, прынятай большасцю грамадзян на рэспубліканскім рэферэндуме ў лютым гэтага года. Мы стварылі і прынялі ўнікальны прававы дакумент, які замацаваў ключавыя каштоўнасці сучаснага беларускага грамадства: суверэнітэт і незалежнасць краіны, народаўладдзе і адзінства кіравання, правы і свабоды грамадзян.

Асноўны Закон нашай краіны 28 гадоў таму адкрыў новую старонку ў гісторыі суверэннай Беларусі, а цяпер надаў дадатковы імпульс яе развіццю. У ім спалучаюцца традыцыі і навацыі, якаснае абнаўленне палітычнага ладу, створана платформа, якая ўлічвае ўсе актуальныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Жыццё паказвае: поспех чалавека вызначае яго працавітасць, ініцыятыва, настойлівасць і адказнасць. Без згоды ў грамадстве, патрыятызму, умення рацыянальна гаспадарыць на месцах мы не зможам дасягнуць пэўных вышынь, зрабіць наш рэгіён багацейшым і мацнейшым. Патэнцыял Віцебшчыны вялікі, яе сіла – у характары і інтэлекце людзей, прыродных рэсурсах, гістарычнай памяці. Ад таго, наколькі эфектыўна мы гэтым скарыстаемся, ад прафесіяналізму, дысцыплінаванасці залежыць наша будучыня. Няхай мудрасць і справядлівасць, заключаныя ў радках Асноўнага закона, стануць апорай для паўнавартаснага дыялогу паміж дзяржавай і грамадзянамі!

Жадаем вам, дарагія сябры, поспехаў у добрых пачынаннях, моцнага здароўя, міру, шчасця і дабрабыту!

З павагай,

А.М.Суббоцін,                                                            В.В.Цярэнцьеў,
старшыня                                                             старшыня 
Віцебскага абласнога                                           Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта                                   Савета дэпутатаў