Кіраўніцтва Віцебскай вобласці віншуе жыхароў рэгіёна з надыходзячым 2020 годам
Гэты час года напаўняе нас асаблівай атмасферай радасці, гармоніі і добрага настрою.
Перагортваючы апошнюю старонку календара, сёння кожны ўспамінае найважнейшыя за гэты год падзеі, сустрэчы, словы, асэнсоўвае перажытае, настройваецца на лепшае.
Год, які сыходзіць, — няпросты, але слаўны дасягненнямі, поўны стварэння. Вынік працы — у адрамантаваных і ўзведзеных дзіцячых садках, школах, медыцынскіх установах, прамысловых і сельскагаспадарчых аб'ектах, запуску новых інфраструктурных праектаў. За кожным з іх — праца тысяч нашых суайчыннікаў. Ад шчырага сэрца дзякуем усім вам за неабыякавасць, разуменне і падтрымку, якую вы аказваеце ў вырашэнні агульнадзяржаўных задач. З вашага прафесіяналізму, мэтанакіраванасці і нязменнай вернасці роднай зямлі складаецца лёс вобласці, краіны.
2020-ы ставіць перад намі новыя, больш складаныя задачы. Яшчэ шмат трэба будзе зрабіць, каб упісаць у гісторыю рэгіёна яркія старонкі, крок за крокам дамагаючыся павышэння якасці жыцця насельніцтва Віцебшчыны. Несумненна, разам нам пад сілу ўвасабленне ў жыццё самых смелых ідэй і наватарскіх падыходаў.
Дарагія сябры! Жадаем усім вам, каб надыходзячы год быў поўны цікавых падзей, падарыў задавальненне ад выкананых спраў і дасягнутых вынікаў!
Няхай вас сагравае цяпло хатняга ачага і любоў тых, хто вам дарагі! Шчасця вам, здароўя, дабрабыту і дабра!
З Новым годам!