Кіраўніцтва Віцебскай вобласці ўдзельнічае ў рэканструкцыі мемарыяла "Прарыў"

Руководство Витебской области участвует в реконструкции мемориала \"Прорыв\"
           Сучасныя суботнікі працягваюць добрую традыцыю, якая заключаецца ў аб'яднанні сіл дзеля важнай справы. Такое меркаванне выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў пасля ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку на рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу "Прарыў" ва Ушацкім раёне.

 

"Гэтая добрая традыцыя закладзена папярэднімі пакаленнямі, - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў. - Кіраўніцтва Віцебскай вобласці сумесна з дэпутатамі, жыхарамі Ушацкага раёна сёння ўдзельнічае ў важнай, святой для Віцебшчыны справе - у рэканструкцыі мемарыяла "Прарыў". Гэта данiна павагi загінулым, данiна павагi стойкасцi i мужнасцi партызан. Для нас гонар прыняць удзел у такой годнай справе. На мемарыяле вядзецца маштабная рэканструкцыя. Ён стане больш сучасным, будзе ўдасканалены. Мы удзячныя ўсім, хто сёння прыняў удзел у суботніку, за ініцыятыву і тыя фінансы, якія будуць пералічаны прадпрыемствамі і арганізацыямі. Плануем увесці гэты аб'ект да 9 Мая".

Губернатар азнаёміўся з ходам рэканструкцыі і прыняў удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяла - пасадзіў некалькі дрэў на новай алеі, якая складаецца з клёнаў, бяроз і ліп. Рашэнне аб рэканструкцыі і рэстаўрацыі мемарыяла "Прарыў" было прынята ў 2015 годзе. Гэтае пытанне ўзята пад асабісты кантроль кіраўніцтва вобласці. Навукова-метадычнай радай Міністэрства культуры навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ на аб'екце быў зацверджаны адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу вядомы беларускі архітэктар Юрый Градаў, які

адначасова з рэстаўрацыйнымі работамі мог ажыццяўляць аўтарскі нагляд за мемарыялам.


На "Прарыве" ўжо выкананы работы на агульную суму звыш Br3,5 млрд. Фінансаванне аб'екта ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага суботніка, праведзенага 18 красавіка 2015 года, бюджэтных і спонсарскіх рэсурсаў. У рэстаўрацыйна-аднаўленчых работах актыўна ўдзельнічаюць прадстаўнікі грамадскасці і працоўных калектываў. Ужо завершаны работы па рэстаўрацыі бетонных глыб, фігуры партызана. Цяпер вядзецца добраўпарадкаванне падыходаў да мемарыяла, замена некаторых састарэлых бетонных канструкцый. Акрамя таго, каля мемарыяла (па-за ахоўнай зонай комплексу) з'явіцца добраўпарадкаваная стаянка, тратуары ўздоўж дарогі да аб'екта. На самім комплексе будзе ўстаноўлена дэкаратыўнае асвятленне.

Мемарыяльны комплекс "Прарыў", які з'яўляецца сімвалам мужнасці і стойкасці партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны, лічыцца адным з самых значных тварэнняў манументальнага мастацтва БССР. Ён быў адкрыты ў чэрвені 1974 года - на месцы прарыву ворагаўскай блакады 5 мая 1944 года партызанамі Полацка-Лепельскай зоны ў 7 км ад Ушачаў. Тут 16 партызанскіх брыгад на чале з будучым Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Лабанкам вырваліся з акружэння і змагаліся з карнымі атрадамі да прыходу частак Савецкай арміі. Разам з партызанамі здолелі вызваліцца і больш за 15 тыс. мірных жыхароў.

Алена Ціханава, БЕЛТА.