Кіраўніцтва Віцебскай вобласці чакае ад прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі ”агрэсіўнага маркетынгу“
На чарговым аператыўным нарадзе ў старшыні Віцебскага аблвыканкама разгледжана сітуацыя ў лясной гаспадарцы і дрэваапрацоўчай галіне вобласці.
Гэтая сфера – на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы, падкрэсліў Мікалай Шэрстнёў. Стратэгія яе развіцця не раз абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні. На аздараўленне галіны дзяржава ўклала велізарныя сродкі, аднак належнай аддачы дрэваапрацоўка пакуль не дала.
Між тым лес – адзін з нямногіх аднаўляльных сыравінных рэсурсаў, якімі ў дастатковай колькасці распараджаецца Віцебшчына. Тут мы не залежым ад імпартнага складніка, а, наадварот, выступаем у якасці экспарцёраў. Гэта жывыя грошы, якімі трэба з розумам распарадзіцца, лічыць кіраўнік вобласці.
Сёння стаіць задача забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне ўсяго ляснога комплексу Прыдзвіння, і перш за ўсё перапрацоўку лесаматэрыялаў, каб атрымаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю і з максімальнай выгадай прадаць яе на знешнім рынку.
Пра тое, як ідуць справы ў віцебскіх дрэваапрацоўшчыкаў, далажылі кіраўнік Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Сяргей Даніловіч і генеральны дырэктар ААТ ”Віцебскдрэў“ Анатоль Юхнавец.
Як высветлілася, праблем хапае. Лес поўны сухостою, але лясгасы ім не займаюцца і не вывозяць, драўніна гніе на корані. У свой час у рамках непрадуманай рэспубліканскай кампаніі 7 з 19 лясгасаў вобласці адмовіліся ад дрэваапрацоўчых цэхаў, а пакінутыя 12 патрабуюць мадэрнізацыі і працуюць з надзвычай нізкай загрузкай. Напрыклад, Богушаўскі лясгас за мінулы год сіламі 23 чалавек, занятых на лесапільні, вырабіў усяго толькі 8 тысяч кубаметраў піламатэрыялаў, Россонскі пры 30 работніках – 15 тысяч. Гэта надзвычай нізкая выпрацоўка.
На экспарт вывозіцца пераважна неапрацаваны лес (кругляк), кошт якога невысокі, а піламатэрыялы, здольныя прынесці добры прыбытак, складаюць усяго 23% ад аб'ёму паставак. Пытаецца, каго мы кормім за межамі Беларусі сабе на шкоду?
У ААТ "Віцебскдрэў" сітуацыя ў частцы адсутнасці ініцыятывы і няўмення працаваць падобная. Магутнасці не загружаны, аб'ёмы вытворчасці падаюць, рэнтабельнасць прадукцыі адмоўная.
Тое ж можна сказаць па Аршанскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Вось толькі адзін красамоўны факт, які характарызуе яго працу: выкарыстанне вытворчых магутнасцей па раскроі круглага лесу склала ў 2015 годзе ажно... 13%!
Кіраўнікі лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці вобласці злачынна ўпускаюць час, калі можна зарабіць грошы, лічыць Мікалай Шарснёў. Лесаапрацоўка – наш эканамічны рэзерв, і за яе трэба брацца сур'ёзна.
Намесніку старшыні аблвыканкама Уладзіміру Белавусу і начальніку галоўнага ўпраўлення ведамаснага кантролю аблвыканкама Віктару Шарковічу даручана дэталёва праверыць дзейнасць Аршанскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, прыцягнуць да адказнасці нядбайных гаспадарнікаў і прыняць неабходныя меры для выпраўлення сітуацыі.
Старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Святаславу Зароўскаму дадзена ўказанне ў двухтыднёвы тэрмін давесці лесгасам канкрэтныя заданні па нарошчванні аб'ёмаў піламатэрыялаў і павелічэнні паставак на экспарт, а таксама прадставіць праект развіцця дрэваапрацоўчай галіны ў разрэзе раёнаў.
Генеральнаму дырэктару ААТ "Віцебскдрэў" Анатолю Юхнаўцу пастаўлена задача аднавіць аб'ёмы вытворчасці да ўзроўню 2014 года і распрацаваць праграму па іх далейшым павелічэнні.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк падтрымаў кіраўніка вобласці ў частцы патрабавання ад прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі "агрэсіўнага маркетынгу", падкрэсліўшы, што ён уключае ў сябе неабходнасць прасоўвання тавару на ўнутраным і знешнім рынках, павышэнне якасці і павелічэнне выпуску інавацыйнай прадукцыі.
Людміла Мышлёнак, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.