Кіраўніцтву Сенненскага раёна неабходна надаць пільную ўвагу праблемам моладзі - А.Якабсон

23 мая, Сянно /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Кіраўніцтву Сянненскага раёна неабходна надаць пільную ўвагу праблемам моладзі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон. Ён правёў прыём грамадзян у Сянненскім раёне ў рамках работы міжведамаснай групы па маніторынгу стану работы дзяржаўных органаў і арганізацый Віцебскай вобласці са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Прыём грамадзян адзначаўся насычанасцю пытанняў у самых розных сферах. Нямала праблем было закранута маладымі жыхарамі. У прыватнасці, размова ішла аб незадавальняючым стане дома культуры і аддзела ЗАГС райвыканкама. Пытанне, узнятае маладым чалавекам, прымусіла старшыню КДК асабіста наведаць няўдалы аддзел. Непрывабны фасад і інтэр'ер, якія не мяняліся з савецкіх часоў, выклікалі нямала нараканняў у адрас мясцовых улад. Разам з тым сумы на рамонт аддзела ЗАГС патрэбны невялікія, якія можна знайсці ў раённым бюджэце, лічыць Аляксандр Якабсон. Увага да праблем моладзі дапаможа вырашыць сур'ёзную праблему раёна - кадравы дэфіцыт. Маладыя спецыялісты пасля размеркавання не затрымліваюцца на першым працоўным месцы і імкнуцца з'ехаць. У Сянненскім раёне адчуваецца недахоп урачоў, спецыялістаў АПК. "Трэба паважаць моладзь, каб яна заставалася", - канстатаваў Аляксандр Якабсон. Разам з тым невырашальных праблем грамадзянамі ўзнята не было. "Пытанні тычыліся жыццезабеспячэння людзей, большасць з іх патрабуюць уважлівага стаўлення ўлад, а не значных сродкаў", - лічыць Аляксандр Якабсон. Старшыня КДК таксама сустрэўся з працоўным калектывам Сянненскага райаграсэрвісу і адказаў на пытанні работнікаў. На выкананне даручэння Прэзідэнта Беларусі міжведамасная рабочая група ў складзе прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з 22 па 25 мая 2012 года праводзіць маніторынг стану работы дзяржаўных органаў і арганізацый Віцебскай вобласці са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Спецыялісты міжведамаснай групы праводзяць у Полацкім, Сянненскім і Віцебскім раёнах выязныя прыёмныя, прамыя тэлефонныя лініі і сустрэчы ў працоўных калектывах. У сельскіх саветах гэтых трох раёнаў члены міжведамаснай групы таксама вядуць прыёмы грамадзян. Спектр пытанняў і тэм, якія цікавяць міжведамасную рабочую групу, разнастайны: ад пытанняў выкарыстання бюджэтных сродкаў, фінансава-гаспадарчай дзейнасці прамысловых, аграрных, будаўнічых, жыллёва-камунальных прадпрыемстваў, арганізацый сацыяльнай сферы да работы чыноўнікаў з грамадзянамі, развіцця аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і аграэкатурызму.-0-