РУП "Аршанскі авіярамонтны завод" акцыянавана
13 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці акцыянаваны рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Аршанскі авіярамонтны завод" і РУВП "Віцебскае міжраённае рамонтнае прадпрыемства", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць".
Статутны фонд ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" сфарміраваны ў памеры амаль Br14,9 млрд., на гэту суму будзе выпушчана 3 млн. 381 тыс. 701 простая акцыя наміналам Br4,4 тыс. кожная. Уласнасцю дзяржавы плануецца захаваць 75% акцый. У перспектыве частка каштоўных папер ААТ прадугледжваецца рэалізаваць суб'ектам прыватызацыі, у тым ліку работнікам прадпрыемства за грошы на льготных умовах і ў абмен на імянныя прыватызацыйныя чэкі. Цяпер на прадпрыемстве завяршаецца фарміраванне прапаноў па размяшчэнні акцый. Да правядзення першага сходу акцыянераў прымаць рашэнні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю агульнага сходу і назіральнага савета таварыства, упаўнаважана Міністэрства транспарту і камунікацый.
ААТ "Віцебскае міжраённае рамонтнае прадпрыемства" сфарміравала статутны фонд у памеры каля Br2,748 млрд., плануецца выпусціць 624 тыс. 449 простых акцый наміналам Br4,4 тыс. Першапачаткова доля дзяржавы ў статутным фондзе складзе 100%, цяпер у акцыянерным таварыстве завяршаецца фарміраванне прапаноў па размяшчэнні акцый, у тым ліку шляхам льготнага продажу і абмену на імянныя прыватызацыйныя чэкі работнікам прадпрыемства.
Да канца лістапада ў вобласці плануецца рэфармаваць яшчэ 5 прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці, уключаных у план прыватызацыі аб'ектаў рэспубліканскай уласнасці на 2008-2010 гады.
Акрамя таго, фонд "Віцебскаблмаёмасць" прыступіў да падрыхтоўчай работы па акцыянаванні прадпрыемстваў, намечаных да прыватызацыі ў 2010 годзе. Праведзены два навучальныя семінары з кіраўнікамі, галоўнымі бухгалтарамі і юрыстамі прадпрыемстваў. У ходзе мерапрыемстваў спецыялісты фонду расказалі аб асаблівасцях падрыхтоўкі праектаў прыватызацыі, у першую чаргу звязаных з улікам дзяржмаёмасці, а таксама стварэння і кіравання ААТ, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць захавання сацыяльных гарантый работнікаў. Акрамя таго, праводзіцца работа з прадпрыемствамі па пытаннях інвентарызацыі аб'ектаў нерухомасці. У далейшым поўная і адэкватная ацэнка асноўных сродкаў, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемстваў, якасная падрыхтоўчая работа дазволіць кіраўнікам пазбегнуць памылак і неабходнасці іх выпраўлення ў ходзе рэфармавання.
Усяго ў 2010 годзе ў Віцебскай вобласці плануецца рэфармаваць больш за 15 рэспубліканскіх прадпрыемстваў.-0-