РУП "СГ-ТРАНС" у 2010 годзе набыло 50 цыстэрнаў для перавозкі звадкаваных нафтавых газаў
26 лютага, Мінск /Тамара Даўгалюк - БЕЛТА/. РУП "СГ-ТРАНС" (Наваполацк) у 2010 годзе абнавіла транспартны фонд - чыгуначныя цыстэрны для перавозкі звадкаваных нафтавых газаў - на 17,8%, закуплена 50 цыстэрн вытворчасці ААТ "Азоўмаш" (Украіна). Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Яўген Езярскі.
Новыя цыстэрны ўжо паступілі на прадпрыемствы, яны набыты ў лізінг тэрмінам на 5 гадоў за кошт уласных сродкаў. Кантрактны кошт складае $3,9 млн. з ПДВ.
Па словах дырэктара, цяпер на прадпрыемстве 890 цыстэрн. Яны павінны быць надзейныя ў эксплуатацыі, тэхнічна спраўныя і адпавядаць міжнародным патрабаванням і правілам карыстання вагонамі для перавозкі грузаў. Рухомы чыгуначны парк павінен пастаянна абнаўляцца. Таму да 2016 года трэба абнавіць 400 вагонаў-цыстэрн, што складае 45% чыгуначнага парку.
У 2009 годзе аб'ём перавозак склаў 450 тыс.т. Тэмп росту выручкі да ўзроўню 2008 года - 112%, у тым ліку валютнай - 106%. Рэнтабельнасць знізілася ў параўнанні з дакрызісным 2008 годам на 2,2%. Набываючы цыстэрны, прадпрыемства спадзяецца, што гэта дапаможа выканаць даведзеныя мэтавыя паказчыкі бягучага года, адзначыў дырэктар.
Абнаўленне чыгуначных цыстэрн для перавозкі звадкаваных нафтавых газаў РУП "СГ-ТРАНС" увайшло ў пералік найважнейшых інвестыцыйных праектаў, прадугледжаных да рэалізацыі ў 2010 годзе і зацверджаных пастановай Савета Міністраў №169.
РУП "СГ-ТРАНС" уваходзіць у склад ДВА "Белтопгаз" Міністэрства энергетыкі Беларусі. Прадпрыемства забяспечвае бесперабойны вываз газавай прадукцыі з нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, такіх як ААТ "Нафтан", ААТ "Мазырскі НПЗ" і РУП "ВА "Беларуснафта". Вытворчы патэнцыял дазваляе ажыццяўляць усе дагаворныя абавязацельствы і пастаўляць звадкаваны газ для патрэб прадпрыемстваў газавых гаспадарак, а таксама прамысловым і камунальна-бытавым спажыўцам Беларусі. Акрамя таго, РУП "СГ-ТРАНС" аказвае транспартна-экспедыцыйныя паслугі па перавозцы газавай прадукцыі ў краіны блізкага і далёкага замежжа. Сярэднеспісачная колькасць працаўнікоў на пачатак 2010 года склала 80 чалавек.-0-