РУП «Віцебскэнерга» адсвяткавала сваё 50-годдзе

РУП «Витебскэнерго» отпраздновал свое  50-летие
Урачыстасці з гэтай нагоды праходзілі акурат у той дзень, калі ўсяму свету прарочылі канец свету, а некаторая частка насельніцтва планеты ўзмоцнена рыхтавалася перасядзець яго ў бункерах, грунтоўна запасшыся свечкамі і тушонкай. І як бы камічна гэта ні выглядала, але сам факт таго, што канец свету многія атаясамлівалі з адключэннем электрычнасці, сведчыць аб высокай значнасці прафесіі энергетыка.


Урачыстасці з гэтай нагоды праходзілі акурат у той дзень, калі ўсяму свету прарочылі канец свету, а некаторая частка насельніцтва планеты ўзмоцнена рыхтавалася перасядзець яго ў бункерах, грунтоўна запасшыся свечкамі і тушонкай. І як бы камічна гэта ні выглядала, але сам факт таго, што канец свету многія атаясамлівалі з адключэннем электрычнасці, сведчыць аб высокай значнасці прафесіі энергетыка. Гэтыя людзі – сапраўдныя чараўнікі, якія нясуць у кожны дом святло і цяпло. Вось толькі твораць яны цуды не з дапамогай магіі, а дзякуючы сваім ведам, вопыту, высокаму пачуццю абавязку і адказнасці.

Адкрываючы ўрачысты вечар, генеральны дырэктар РУП «Віцебскэнерга» Павел Харытонаў падкрэсліў, што пяцьдзесят гадоў таму асобныя аб'екты электрыфікацыі аб'ядноўвалі ў адзіную сістэму для таго, каб у кожным доме запаліць «лямпачку Ільіча». І нават спецыялісты ўявіць сабе не маглі, як далёка можа ступіць навука, якія тэхнічна складаныя задачы будуць вырашаць паслядоўнікі першых энергетыкаў. Цяпер на Віцебшчыне выпрацоўваецца больш за 40 працэнтаў электраэнергіі, якая вырабляецца ў рэспубліцы. Сэрца нашай энергетычнай сістэмы – Лукомльская ГРЭС. Жыцёва важныя артэрыі – БелГРЭС (з яе калісьці ўсё і пачыналася), Віцебская, Наваполацкая, Полацкая, Аршанская ЦЭЦ. Але спыняцца на дасягнутым нашы энергетыкі не збіраюцца. Пачаты работы па ўзвядзенні каскаду гідраэлектрастанцый на рацэ Заходняя Дзвіна: зараз актыўна ідзе будаўніцтва Полацкай і Віцебскай ГЭС. У перспектыве на Віцебшчыне павінны з'явіцца яшчэ дзве станцыі – Бешанковіцкая і Верхнядзвінская ГЭС. Грандыёзная па сваіх маштабах мадэрнізацыя ажыццяўляецца на ўсіх аб'ектах энергетыкі вобласці. Прычым не толькі за ўласныя і бюджэтныя сродкі, але і з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый.

Аб гэтых і многіх іншых дасягненнях, цёпла віншуючы энергетыкаў, гаварылі міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Азярэц (дарэчы, які перайшоў на гэту пасаду з «Віцебскэнерга»), першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі, які перадаў віншаванні з юбілеем ад старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца. Словы шчырай удзячнасці за шматгадовае надзейнае партнёрства выказаў генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шэршань.

А пасля святочную атмасферу ў зале стваралі артысты беларускай эстрады Вікторыя Алешка, Іна Афанасьева, ансамбль цыганскай песні «Аллюр».

Любоў НІКАЛАЕВА.«ВР»