РУПП "Віцебскхлебпрам" інвестуе ў 2010 годзе ў развіццё вытворчасці Br10 млрд.
18 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РУВП "Віцебскхлебпрам" інвестуе ў 2010 годзе ў развіццё вытворчасці Br10 млрд. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Валерый Наумчык.
Асноўная частка сродкаў будзе накіравана на павышэнне энергаэфектыўнасці работы хлебазаводаў. З гэтай мэтай на Віцебскім хлебазаводзе ў цэху №1 плануецца ўсталяваць чэшскі расстойна-печны агрэгат для вытворчасці фармовых хлебаў, а ў цэху №2 працягнуць рэканструкцыю з размяшчэннем. На шэрагу прадпрыемстваў трэба будзе мадэрнізаваць кандытарскія ўчасткі. Так, у кандытарскім цэху на прадпрыемстве ў Оршы трэба будзе замяніць стары кацёл, у Наваполацку, Глыбокім, Верхнядзвінску, Навалукомлі, Лепелі - усталяваць новыя энергаэфектыўныя печы для вытворчасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў.
У цэлым замена печавога абсталявання на хлебазаводах "Віцебскхлебпрама" набліжаецца да завяршэння. Так, за мінулыя гады было заменена больш за 40 печаў састарэлага ўзору, або 90% ад усіх наяўных. На працягу 2010 года-пачатку 2011-га гэту працу плануецца завяршыць цалкам. Яе галоўным вынікам стане зніжэнне энергазатрат і з'яўленне новых магчымасцей для развіцця асартыменту, адзначыў Валерый Наумчык.
Прадпрыемствы "Віцебскхлебпрама" за 2009 год вырабілі 57,5 тыс. т хлебабулачных і 1,4 тыс. т кандытарскіх вырабаў на Br129,7 млрд., што на 8,7% больш у параўнанні з узроўнем папярэдняга года. На экспарт пастаўлена прадукцыі больш чым на $1 млн. Удзельная вага новых відаў вырабаў склала больш за 30%. Паказчык па энергазберажэнні склаў - мінус 14,4% пры заданні мінус 12%. Рэнтабельнасць рэалізацыі па выніках студзеня-лістапада 2009 года - 8,9%.
У склад РУВП "Віцебскхлебпрам" уваходзяць 11 хлебазаводаў, будаўніча-мантажнае прадпрыемства "Віцебскхлеббуд" і сельскагаспадарчае прадпрыемства "Пражэктар". Сярэднеспісачная колькасць работнікаў прадпрыемства складае больш за 2,7 тыс. чалавек.-0-