РУПП "Віцязь" прадставіла ўзоры новай медтэхнікі на выставе ў Мінску
24 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае вытворчае прадпрыемства "Віцязь" прадставіла доследныя ўзоры апарата электрастатычнага масажу "ЭЛМАСС АМ 001" на выстаўцы "Ахова здароўя Беларусі", якая адкрылася сёння ў Мінску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела маркетынгу і збыту Сяргей Гукаў.
Электрамасажор прызначаны для павышэння эфектыўнасці масажных працэдур пры лячэнні розных захворванняў. У сувязі з тым, што апарат прызначаны для выкарыстання ў спецыялізаваных медыцынскіх установах, яго выпуск будзе ажыццяўляцца пад заказ. У цяперашні час завяршаецца яго сертыфікацыя.
У ліку апошніх распрацовак групы медыцынскай тэхнікі - паравы стэрылізатар ГК-10В, прызначаны для стэрылізацыі медыцынскіх інструментаў і іншых вырабаў медыцынскага прызначэння. Ён забяспечвае выкананне праграм стэрылізацыі ў аўтаматычным рэжыме пад кіраваннем мікрапрацэсара. Абсталяванне выпускаецца з рознай ёмістасцю рабочай камеры.
На стэндзе віцебскага тэлецэнтра можна таксама ўбачыць апараты квантавай і электрапунктурнай тэрапіі, рэцыркулятары паветра, фотаметры і іншае медыцынскае абсталяванне, якія ўжо заваявалі папулярнасць сярод спажыўцоў. У цэлым напрамак гэтай групы ў агульным аб'ёме вытворчасці ўсёй прадукцыі "Віцязь" займае каля 5% і ў цяперашні час актыўна развіваецца, дадаў Сяргей Гукаў.
У 2008 годзе прадпрыемства павялічыла аб'ём вытворчасці прадукцыі на 8,6% у параўнанні з узроўнем папярэдняга года. Тэмп росту валютных паступленняў за гэты перыяд дасягнуў 144% да 2007 года. Удзельная вага новай прадукцыі ў аб'ёме вытворчасці склала 43%.
Прадпрыемства заснавана ў 1976 годзе. Спецыялізуецца на выпуску тэлевізараў. Таксама вырабляе пажарную тэхніку, медыцынскае абсталяванне, мэблю, будматэрыялы. Практычна ўсе камплектуючыя для прадукцыі вырабляюцца на заводзе. У цяперашні час тут працуюць каля 5 тыс. чалавек.
Выстаўка "Ахова здароўя Беларусі" сабрала сёлета больш за 350 прадпрыемстваў з 16 краін свету. У праграме форуму - навукова-практычныя семінары, канферэнцыі, прэзентацыі, тэматычныя выстаўкі.-0-