РУПП "Віцязь" распрацоўвае інтэрактыўны клас для ўстаноў адукацыі
30 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РВУП "Віцязь" распрацоўвае інтэрактыўны клас для ўстаноў адукацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Новая распрацоўка віцебскіх канструктараў уяўляе сабой шырокафарматную інтэрактыўную дошку (дыяганаль ад 78 да 85 цаляў), праектар, камп'ютар, акустычную сістэму, DVD-прайгравальнік, мікрафон і сістэму галасавання, якая дазваляе праводзіць апытанне вучняў. Усё гэта аб'яднана ў адзіны комплекс, які цалкам паспяхова замяняе сабой традыцыйныя драўляныя дошкі і мел. Разам з тым функцыянальныя магчымасці такога комплексу значна шырэйшыя: ён забяспечвае аператыўны кантроль ведаў вучняў, дазваляе пратакаляваць увесь ход урока, ажыццяўляць калектыўную працу над праектамі, забяспечваць электронную падрыхтоўку заняткаў і многае іншае.
У залежнасці ад узросту школьнікаў і прызначэння інтэрактыўныя класы дзеляцца на некалькі тыпаў ад простага да складанага. Папярэдні кошт комплексу складзе ад Br25 млн да Br30 млн.
Па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі ў пачатку 2010 года РВУП "Віцязь" плануе паставіць у адну з гімназій рэспублікі тры доследныя інтэрактыўныя класы рознага выканання: стацыянарны (з потолочным мацаваннем праектара), мабільны (праектар мацуецца на стойцы) і паўмабільны варыянт (франтальная ўстаноўка праектара на стале). Пасля апрабацыі ў дзеянні спецыялістамі адукацыі будзе прыняты варыянт, які ляжа ў аснову распрацоўкі канструктарскай дакументацыі для серыйнай вытворчасці.
Укараненне інтэрактыўнага комплексу з'яўляецца яшчэ адным крокам на шляху інавацыйнага развіцця сістэмы адукацыі. З яго дапамогай можна больш эфектыўна арганізаваць працэс навучання, адзначылі на прадпрыемстве.
Прадпрыемства заснавана ў 1976 годзе. Спецыялізуецца на выпуску тэлевізараў. Вырабляе пажарную і бытавую тэхніку, медыцынскае абсталяванне, мэблю, будматэрыялы. У цяперашні час тут працуюць каля 5 тыс. чалавек. -0-