РУПП "Віцязь" скараціла складскія запасы за ліпень-жнівень на Br9 млрд.

21 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РУПП "Віцязь" скараціла складскія запасы за ліпень-жнівень на Br9 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства па маркетынгу і якасці Аляксандр Сенькоўскі. Паводле яго слоў, адной з эфектыўных мер па стымуляванні продажаў стала правядзенне рэкламнай гульні "Тэрыторыя падарункаў ад "Віцязь", удзел у якой прынялі каля 25 тыс. беларусаў. Больш за 3 тыс. чалавек з іх сталі ўладальнікамі прызоў: пыласосаў, DVD-прайгравальнікаў, кінескопных і ЖК-тэлевізараў і інш., распавёў суразмоўца, адзначыўшы, што правядзенне шырокіх акцый для пакупнікоў з'яўляецца добрай традыцыяй віцебскага тэлезавода. Так, раней "Віцязь" ужо арганізоўваў розыгрышы кватэры і аўтамабіля. Аляксандр Сенькоўскі таксама адзначыў, што прадпрыемства з'яўляецца экспартаарыентаваным. Да прыкладу, у Расію пастаўлялася больш за 50% тэлевізійнай прадукцыі, аднак у сувязі з сусветным крызісам доля некалькі зменшылася. "Разам з тым "Віцязь" ні на адзін дзень не спыняўся, ён не пераходзіў на скарочаны працоўны тыдзень, а працягваў шукаць шляхі выхаду з неспрыяльнай сітуацыі", - падкрэсліў намеснік дырэктара. Ён таксама адзначыў, што прынятыя меры далі свой вынік. У прыватнасці, у Беларусі за кошт прапанаванай наменклатуры ўдалося не толькі захаваць, але і пашырыць рынак. Акрамя таго, паступова нарошчваецца экспарт у Расію, намячаюцца паляпшэнні фінансава-эканамічнага стану прадпрыемства. "Усе гэтыя станоўчыя тэндэнцыі ўліваюць упэўненасць, што да канца года "Віцязь" падыдзе з добрымі вытворчымі паказчыкамі", - дадаў Аляксандр Сенькоўскі. Прадпрыемства заснавана ў 1976 годзе. РУПП "Віцязь" спецыялізуецца на вытворчасці тэлевізійнай, пажарнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, мэблі, будматэрыялаў. У цяперашні час на прадпрыемстве працуюць 5 тыс. чалавек.-0-