РУПП "Віцязь" выпусціла першую партыю паравых стэрылізатараў ГК-10В

31 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Віцязь" выпусціла першую партыю паравых стэрылізатараў ГК-10В, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Абсталяванне прызначана для стэрылізацыі насычанай вадзяной парай пад залішнім ціскам медыцынскіх інструментаў, іншых вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама для апрацоўкі матэрыялаў, якія прымяняюцца ў харчовай, кандытарскай, біяхімічнай прамысловасці і для правядзення навуковых і лабараторных даследаванняў. Распрацоўка паравога стэрылізатара ГК-10В ажыццяўлялася "Віцязем" у рамках дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння на 2006-2010 гады. Яго тэхнічныя характарыстыкі адпавядаюць узроўню замежных аналагаў, аднак цана айчыннага вырабу ў 1,5 раза ніжэйшая, адзначылі спецыялісты. Наменклатура новай прадукцыі ўключае таксама вырабы аб'ёмам 22 л, 43 л, 63 л і 100 л. Плануецца, што штогадовы аб'ём выпуску паравых стэрылізатараў складзе каля 500 штук. Па выніках першага паўгоддзя прадпрыемства павялічыла аб'ём вытворчасці медыцынскай тэхнікі на 90% да ўзроўню папярэдняга года. Удзельная вага новых відаў прадукцыі ў гэтым напрамку за студзень-чэрвень дасягнула 56,5% да аналагічнага перыяду 2008 года. Доля айчынных камплектуючых склала 90%. Прадпрыемства заснавана ў 1976 годзе. Спецыялізуецца на выпуску тэлевізараў. Таксама вырабляе пажарную і бытавую тэхніку, медыцынскае абсталяванне, мэблю, будматэрыялы. Практычна ўсе камплектуючыя для прадукцыі вырабляюцца на заводзе. У цяперашні час тут працуюць каля 5 тыс. чалавек. -0-