Рыцары зноў вяртаюцца ў Полацк – на фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон».

7 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рыцары зноў вяртаюцца ў Полацк - на фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон". У трэці раз старажытны горад, цяперашняя культурная сталіца Беларусі, гасцінна сустракае ўдзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі з усёй краіны, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Іна Шаховіч. Заяўкі на ўдзел даслалі больш за 30 аб'яднанняў аматараў сярэднявечнай гісторыі. На працягу двух дзён, з 12 па 13 чэрвеня, ля сцен Сафійскага сабора яны прадэманструюць не толькі свае касцюмы і даспехі, але і пакажуць майстэрскае валоданне лукам і дзідай, прымуць удзел у бугуртах - рыцарскіх паядынках, пачастуюць стравамі сярэднявечнай кухні ўсіх жадаючых, а яшчэ ўладкуюць паказальныя выступленні коннікаў і разыграюць сцэнкі з сярэднявечнага жыцця. Упершыню ўдзельнікі фестывалю пакажуць пластычны спектакль "Выпрабаванне агнём", дзе вогненныя факелы таксама адыграюць сваю ролю. Увесь дзень барды і скальды будуць забаўляць пачэсную публіку сваімі песнямі, а на закрыцці фестывалю да іх далучыцца гурт "Стары Ольса". Апафеозам свята стане любімая ў гледачоў, ды і ў саміх удзельнікаў забава - штурм замка. Нягледзячы на тое, што цяперашні фестываль прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, ніякіх рэканструкцый бітваў арганізатары рабіць не збіраюцца. Адным удзельнікам трэба будзе захапіць замак, а іншым - абараніць гэтыя сцены і не аддаць ворагу сваё знамя. Па словах Іны Шаховіч, нягледзячы на тое, што "Рубон" - малады фестываль, цікавасць да яго праяўляе ўсё большая колькасць і ўдзельнікаў, і гледачоў. Сёлета ўпершыню ўваход на фестывальную тэрыторыю будзе платным - Br4 тыс., для дзяцей да 10 гадоў уваход застанецца свабодным. Арганізатарамі фестывалю выступаюць упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Полацкі гарвыканкам і аддзел культуры Полацкага гарвыканкама.-0-