З 1 ліпеня ўсе юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ўсталяваць плацежныя тэрміналы
У Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь №489/7 ад 21 мая 2014 года зменены патрабаванні да аснашчэння аб'ектаў плацежнымі тэрміналамі.
Як паведамілі ў ІМПС па Віцебскай вобласці, у пералік аб'ектаў, у якіх юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ўсталяваць плацежныя тэрміналы, уключаны павільёны, кіёскі, санаторыі, дамы (базы) адпачынку, аздараўленчыя цэнтры (комплексы), аўтамабілі-таксі, дыягнастычныя станцыі, якія ажыццяўляюць тэхнічны агляд транспартных сродкаў, а таксама касы чыгуначных станцый пры абслугоўванні больш за 250 пасажыраў у суткі і наяўнасці ліній сувязі.
Акрамя таго, пад гэта патрабаванне падпадаюць усе гандлёвыя аб'екты (раней — толькі рознічныя) і аб'екты грамадскага харчавання (раней — толькі стацыянарныя гандлёвыя), размешчаныя ў капітальных будынках.
З пачатку бягучага года падлягаюць аснашчэнню плацежнымі тэрміналамі аб'екты, калі па выніках 2013 года памер атрыманай выручкі склаў больш за 7500 базавых велічынь, па аб'ектах сістэмы спажывецкай кааперацыі — больш за 15000 базавых велічынь, аб'ектах бытавога абслугоўвання насельніцтва — больш за 3750 базавых велічынь.
Аб'екты, пазначаныя ў пераліку, якія пачынаюць рэалізацыю тавараў, выкананне работ, аказанне паслуг, дзейнасць у сферы гульнявога бізнесу, павінны быць таксама аснашчаны плацежнымі тэрміналамі да пачатку ажыццяўлення гэтых аперацый.
Для аб'ектаў з абавязковага пераліку, у якіх плацежныя тэрміналы не ўстаноўлены, незалежна ад памеру атрыманай выручкі прадугледжаны спецыяльныя тэрміны для іх аснашчэння: у гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску — з 1 ліпеня 2015 года; гарадах раённага падпарадкавання — з 1 студзеня 2016 года; на ўсёй тэрыторыі Беларусі — з 1 ліпеня 2017 года. Пры гэтым колькасць плацежных тэрміналаў у аб'екце павінна адпавядаць колькасці адзінак касавага абсталявання.
Такім чынам, з 1 ліпеня ўсе юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ўсталяваць плацежныя тэрміналы, якія забяспечваюць, у тым ліку, прыём да аплаты банкаўскіх плацежных картак міжнародных плацежных сістэм Visa і MasterCard, унутранай плацежнай сістэмы «БЕЛКАРТ», эмісію якіх ажыццяўляюць банкі Рэспублікі Беларусь, у аб'ектах, размешчаных у гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску.
Дальнавікі тлумачаць, што з 22 ліпеня 2014 года продаж уразвал гародніны, садавіны і бахчавых культур, а таксама рэалізацыя тавараў за наяўны разлік юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам ва ўсіх гандлёвых аб'ектах (раней — было ў рознічных) дазваляецца толькі з выкарыстаннем касавага абсталявання.
З названай даты дапускаецца прымаць наяўныя грашовыя сродкі без касавых апаратаў у аб'ектах грамадскага харчавання, размешчаных у сярэдніх школах, вучэльнях алімпійскага рэзерву і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.
Атрымаць больш падрабязную інфармацыю па пытанні прыёму грашовых сродкаў, а таксама паведаміць аб фактах парушэнняў, можна па тэлефоне інспекцыі МПС па Віцебскай вобласці (8-0212) 47-82-40.