З 1 лістапада Віцебская інспекцыя Дзяржстандарту будзе ажыццяўляць маніторынг на гандлёвых месцах індывідуальных прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць прадукцыю легпрама

С 1 ноября Витебская инспекция Госстандарта будет осуществлять мониторинг на торговых местах индивидуальных предпринимателей, которые реализуют продукцию легпрома
Нягледзячы на тое, што тэрміны ўступлення ў сілу тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» пераносіліся два разы, многія прадпрымальнікі ўсё роўна не гатовыя да новых правілаў гандлю ў рамках МС.

Нягледзячы на тое, што тэрміны ўступлення ў сілу тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» пераносіліся два разы, многія прадпрымальнікі ўсё роўна не гатовыя да новых правілаў гандлю ў рамках МС. Адной з прычын ігнаравання некаторымі прадпрымальнікамі патрабаванняў дакумента ІП называюць незразумеласць працэдуры сертыфікацыі прадукцыі лёгкай прамысловасці. ГА «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў» сумесна з прафсаюзам «Садружнасць» выступілі з ініцыятывай правядзення семінара на гэту тэму.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі камітэта эканомікі аблвыканкама, аддзела гандлю і паслуг аблвыканкама, Віцебскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту, Віцебскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, падатковай інспекцыі.

Як заўважыў Віктар Якуненкаў, начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама, семінары праходзілі і раней не толькі ў Віцебску, але і Наваполацку. Яны мелі інфармацыйны характар, а не дыскусійны. Асноўная мэта іх — расказаць, хто і дзе праводзіць працэдуру сертыфікацыі, як яна праходзіць, колькі каштуе.

З 1 ліпеня 2012 года ў Беларусі, Расіі і Казахстане дзейнічаюць тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» (гэта адзін з 31 тэхрэгламентаў, якія прыняты трыма дзяржавамі). То бок па законе ўжо паўтара года прадпрымальнікі павінны мець на тавары легпрама дакументы, якія пацвярджаюць адпаведнасць тавару патрабаванням тэхрэгламенту. Рашэннем камісіі МС быў прадугледжаны пераходны перыяд, на працягу якога юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права рэалізоўваць прадукцыю, ужываючы да яе патрабаванні раней дзеючага нацыянальнага заканадаўства і выдадзеныя на яе да ўвядзення тэхнічных рэгламентаў дакументы па ацэнцы адпаведнасці. Па рашэнні Дзяржстандарта Рэспублікі Беларусь была прадугледжана адтэрміноўка ўвядзення тэхрэгламентаў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Але, як адзначыў начальнік аддзела ацэнкі адпаведнасці прадукцыі і паслуг ВЦСМС Сяргей Міхалочкін, за гэты час толькі адзінкі звярнуліся ў орган сертыфікацыі для правядзення выпрабаванняў узораў прадукцыі.

— Спажывец мае права купляць якасны і бяспечны тавар, а таксама ведаць мінімальную інфармацыю пра яго, — адзначыў, у прыватнасці, Сяргей Міхалочкін. — Калі прадавец бярэ тавар у афіцыйных вытворцаў і аптавікоў, то ў яго не ўзнікне праблемы з сертыфікацыяй. Хвалююцца тыя, хто пастаўляе кантрафактную прадукцыю без дакументаў. І як можна гаварыць аб невыкананні патрабаванняў, якія прад'яўляюцца заканадаўствам МС, калі многія нават не спрабавалі прайсці працэдуру.

У сваю чаргу прадпрымальнікі наракаюць на тое, што ў тых месцах, дзе яны закупляюцца, не даюць ніякіх дакументаў, а на маскоўскіх рынках нават з'явіліся аб'явы тыпу «Беларусам дакументы не даем». Чаму сертыфікаваць прадукцыю павінен не вытворца, а канчатковае звяно — прадпрымальнік? З чаго пачаць працэдуру сертыфікацыі, дзе можна паглядзець даступную пакрокавую інструкцыю? Гэта пастаянныя пытанні ў асяроддзі малога прыватнага бізнесу. І калі адказ на першае пытанне — не ў кампетэнцыі ўдзельнікаў семінара, то на апошнія былі дадзены вычарпальныя адказы.

З таго часу як тэхрэгламенты ўступілі ў сілу, у Віцебскім цэнтры стандартызацыі адбыліся істотныя змены. Лабараторыя па выпрабаванні прадукцыі лёгкай прамысловасці атрымала акрэдытацыю і стала адзінай у вобласці, дзе можна праводзіць падобныя выпрабаванні ў поўным аб'ёме.

— Наша лабараторыя аснашчана найноўшым абсталяваннем, на якім можна праводзіць сертыфікацыю па ўсіх відах прадукцыі, — адзначыў Сяргей Міхалочкін. — За гэты час у Віцебскі цэнтр стандартызацыі паступіла больш за сотню зваротаў, якія тычацца пытанняў сертыфікацыі і дэкларавання прадукцыі. Усе атрымалі кансультацыю.

Такім чынам, сертыфікацыя праходзіць наступным чынам. Індывідуальны прадпрымальнік запаўняе заяўку (узор можна знайсці на сайце ВЦСМС). Ён можа не мець суправаджальных дакументаў на тавар, а прыкласці пералік тавараў, заяўленых на сертыфікацыю, падпісаны, з пячаткай ці без яе. Спецыяліст цэнтра выязджае на месца і звярае спіс з тым, што ёсць у наяўнасці, праводзіць адбор узораў, якія адпраўляюцца на выпрабаванні, якія праводзяцца ў тыднёвы тэрмін. Па выніках выдаецца сертыфікат адпаведнасці. Сертыфікацыі падлягаюць вырабы бялізнавыя,корсэтныя, пасцельная бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы першага слоя.

Дэклараванню падлягае адзенне другога і трэцяга слою, палатно-трыкатажныя вырабы, скураныя, футравыя, панчошна-шкарпэткавыя вырабы другога слою, галаўныя ўборы і абутак. Пры дэклараванні заяўнік сам адбірае ўзоры і адносіць у лабараторыю на выпрабаванні, затым дапаўняе дэкларацыю і рэгіструе яе ў органе па сертыфікацыі.

Выпрабаванні праводзяцца на тавар кожнага вытворцы. Для лабараторных даследаванняў максімальная колькасць узораў — пяць вырабаў, з іх чатыры будуць вернуты. Адзін выраб будзе перададзены ў выпрабавальны цэнтр для хімічных і біялагічных даследаванняў, яго назад не вернуць. Выпрабаванні можна праводзіць не толькі на самім вырабе, але і на матэрыяле, з якога ён зроблены (неабходна тры квадратных метры).

Цэны на лабараторныя выпрабаванні можна даведацца ў ВЦСМС.

Паказчыкі, па якіх неабходна выпрабаваць прадукцыю, прапісаны ў тэхрэгламенце. Чым менш паказчыкаў, тым танней працэдура.

Як адзначыла в.а. начальніка Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь Аксана Мурашкевіч, з 1 лістапада на гандлёвых месцах прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, будзе праводзіцца маніторынг. Гэта форма нагляду, якая заключаецца ў назіранні, аналізе з мэтай ацэнкі фактычнага стану аб'екта на адпаведнасць дзеючага заканадаўства. Іншымі словамі, мэта маніторынгу — яшчэ раз вывучыць і прааналізаваць сітуацыю, выдаць рэкамендацыі прадпрымальнікам па ўстараненні парушэнняў. Пры маніторынгу не выкарыстоўваюцца паўнамоцтвы, якія прымяняюцца пры правядзенні праверак.

— Хачу звярнуць увагу індывідуальных прадпрымальнікаў, — падкрэсліла Аксана Мурашкевіч, — патрабаванні, якія змяшчаюцца ў тэхнічных рэгламентах Мытнага саюза, — не новыя для гандлю. Наша нацыянальнае заканадаўства прадугледжвае неабходнасць маркіроўкі прадукцыі для спажыўца (дзе і кім выпушчана, тэрмін прыдатнасці, склад і іншае). Пра гэта гаворыцца ў Законе «Аб абароне правоў спажыўца», а таксама ў СТБ 1400. Зрабіце сёння тое, што абавязаны па нацыянальным законе: прадастаўце пакупніку бяспечную і якасную прадукцыю. Калі тавар легальны, бяспечны і якасны, то баяцца няма чаго.

Ірына АЗЕВІЧ, "Віцьбічы"