З 14 па 20 ліпеня пройдзе выстава-кірмаш «Малы бізнес у фестывальным Віцебску»

Як вядома, «Славянскі базар» — гэта не толькі творчы форум, але і выстава-кірмаш, дзе ў шырокім асартыменце сваю прадукцыю прадстаўляе сярэдні і малы бізнес з усіх рэгіёнаў Беларусі і суседніх краін свету.

Продажы пачнуцца 14 ліпеня, традыцыйна пройдуць на дзвюх пляцоўках — у цэнтры горада насупраць Віцебскага ўнівермага ( вул. Замкавая) і ля Культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Арганізатарам выставы-кірмашу з'яўляецца ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу». Яго дырэктар Ірына Макаранка паведаміла, што прадукцыю прадставяць больш за 40 прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў — тавары для дома і інтэр'еру, адзенне, абутак для ўсёй сям'і, галантарэйная і сувенірная прадукцыя.

— Большасць удзельнікаў кірмашу – беларускія вытворцы, прадукцыя якіх славіцца якасцю і прымальным коштам, — адзначыла яна. — Гэта мясцовае ААТ «Праца-Віцебск», ППТУП «Студыя сумак» з Мінскай вобласці і іншыя. Таксама прыедуць госці з Расіі. Напрыклад, студыя-атэлье «Славянка», якая вядомая ільняным адзеннем ручной працы, выдавецтва «Рэч» прадставіць разнастайную кніжную прадукцыю.

Мерапрыемства адбудзецца ўжо 20-ы раз, за гэты час яно стала арэнай для дэманстрацыі дасягненняў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

— Штогод у фестывальны Віцебск прыязджаюць прадстаўнікі бізнесу, бо дадзеная выстава-кірмаш — дадатковая магчымасць прасоўвання тавараў, што спрыяе не толькі павелічэнню аб'ёмаў продажаў, але і развіццю галін, — дадала Ірына Макаранка.

"Віцебскія весці".