З 23 па 27 лістапада Віцебск прымае XXIX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC)

Майстар-класы адной з улюбёных танцорак Піны Баўш — знакамітай іспанскай байлаоры Евы Йербабуэны, вяртанне ў Віцебск кітайскага тэарэтыка і харэографа Сяо Сухуа, прэм'еры любімага гледачом Балета Яўгена Панфілава і сусветныя хіты, вялікі конкурсны марафон і беларуская кадрыля ў выкананні ўдзельнікаў з 20 краін — у калейдаскопе падзей будучага танцавальнага форуму ў Віцебску.

На першай прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Аляксандр Сідарэнка звярнуў увагу на тое, што квіткі на ўсе праекты фестывалю ўжо з'явіліся ў продажы, прычым па дэмакратычных цэнах, і цяпер — слова за гледачом.
— Праграма сёлетняга фестывалю абшырная, уражвае конкурсны складнік — да нас едуць людзі з розных краін свету, з розным успрыманнем таго, што адбываецца вакол, але з надзеяй данесці да гледачоў на мове танца свае перажыванні, адкрыцці і быць зразумелымі віцебскім гледачом. Акрамя таго, афіша абяцае сустрэчу з палюбіўшыміся калектывамі, сусветнымі зоркамі сучаснай харэаграфіі. Уся праграма IFMC-2016 дае мне падставу ўжо зараз лічыць, што фестываль удаўся, — адзначыў Аляксандр Сідарэнка.
 
Асноўная падзея сёлеташняга года — міжнародны конкурс сучаснай харэаграфіі. Па выніках відэатура, на які паступілі заяўкі ад 68 танцавальных кампаній, да конкурсу экспертным саветам дапушчаны 35 прэтэндэнтаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Кітая, Польшчы, Швецыі.

— Вельмі шмат новых імёнаў, пра якія мы раней не чулі, што зразумела, бо сучасная харэаграфія становіцца маладзейшай. Яшчэ адна прымета сёлетняга конкурсу — высокая харэаграфічная адукаванасць, бліскучы ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Конкурс абяцае быць моцным і вялікім як ніколі — 10 блокаў закрытага тура. Так што журы чакае інтэлектуальная «загрузка», трэба будзе вырашыць, хто з канкурсантаў выйдзе ў фінал 26 лістапада, калі гледачы змогуць убачыць лепшыя конкурсныя творы, — расказала намеснік генеральнага дырэктара ЦК «Віцебск» па спецпраектах Марына Раманоўская, ідэйны натхняльнік і дырэктар фестывалю.

На IFMC у свой час увайшло такое паняцце, як кітайскі сіндром, калі прадстаўнікі Паднябеснай з зайздросным пастаянствам увозілі Гран-пры з Віцебска. Удзел кітайскага саліста, магчыма, абвастрыць інтрыгу, але яна абавязкова будзе прысутнічаць на фестывалі, паколькі сёлета вельмі шмат іншых моцных прэтэндэнтаў на галоўны прыз, упэўнена Марына Раманоўская.

Журы міжнароднага конкурсу цяпер узначаліць прафесар Пекінскай акадэміі танца, харэограф і тэарэтык танца Сяо Сухуа, які па запрашэнні арганізатараў (як заўсёды, гэта Цэнтр культуры «Віцебск») вяртаецца ў Віцебск праз шэсць гадоў. Зноў «завалодаць» вядомым у свеце танца кітайскім экспертам было няпроста, ён запатрабаваны, працуе па шчыльным графіку. Але пра Віцебск Сяо Сухуа захаваў прыемныя ўспаміны і зноў даў згоду працаваць на IFMC — па прызнанні майстра, у судзейскай камісіі ўжо 50-га міжнароднага фестывалю. 

Імёны лаўрэатаў конкурсу IFMC-2016 стануць вядомыя падчас урачыстага закрыцця 27 лістапада.
За трыццаць гадоў фестываль сучаснай харэаграфіі набыў традыцыйную форму, але заўсёды новы па змесце, у якое арганізатары не забываюць прыўнесці нейкую «разыначку». На гэты раз пасля канцэрта адкрыцця і прэзентацыі канкурсантаў адбудзецца вечарынка ў нацыянальным стылі. «Мы запросім вясковы аркестрык, яшчэ адзін вясковы калектыў, пакуль не скажу які менавіта, і разам з удзельнікамі з 20 краін вывучым беларускую кадрыль. А яшчэ пастараемся пачаставаць стравамі нацыянальнай кухні — каўбаскамі, дранікамі… Вельмі хочацца, каб госці абагаціліся легендамі беларускай танцавальнай культуры, далучыліся да нашых традыцый», — падзялілася Марына Раманоўская.

А вось віцебскаму гледачу, згодна афішы IFMC, прапануюць пагрузіцца ў кантэкст сусветнай танцавальнай культуры. Адкрые фестываль у Віцебску прэм'ерны спектакль Раду Поклітару «Жызель» у выкананні артыстаў «Кіеў мадэрн-балет» — гэта добра аздобленае касцюмамі, з цудоўным фантазійным рэквізітам маштабнае дзейства, у якім удзельнічаюць 32 артысты. Цікавае разважанне харэографа, які здолеў вядомае лібрэта пагрузіць у сучасны свет. Беларусь — пятая краіна, у якую Раду Поклітару прывозіць свой аншлагавы балет (у межах фестывалю 22 лістапада «Жызель» таксама будзе прадстаўлена ў Мінску, у Нацыянальным тэатры оперы і балета).

Францыя на IFMC будзе прадстаўлена Compagnie Autre MiNa са спектаклем харэографа Міці Федоценкі «АхматМодзі». На мове танца пастаноўшчык раскажа пра каханне Ганны Ахматавай і Амадэа Мадыльяні. Прыхільнікі IFMC ужо знаёмыя з творчасцю нарвежскага харэографа Йо Стромгрэна па яго працах «Шпіталь» і «Танцавальнае прысвячэнне мастацтву футбола». На гэты раз гледач убачыць шэдэўр, створаны ў 1990-я гады, і паказаны ў многіх краінах на ўсіх кантынентах, — харэаграфічную пастаноўку «Там», прысвечаную тэме эміграцыі (прыкметна, што аўтар глыбока пранікся тым, што адбываецца з людзьмі пасля распаду Савецкага Саюза, іх душэўным станам пасля змены «дэкарацый», Йо Стромгрэн выкарыстаў для музычнага шэрагу рускую музыку).

Чакае фестываль і сваіх даўніх сяброў — Пермскі тэатр «Балет Яўгена Панфілава» з прэм'ернымі спектаклямі «Яна» ў пастаноўцы Аляксея Растаргуева і «Сын спадара П'еро з Вінчы («Мона Ліза»)» маскоўскага харэографа Соны Аўсепян.

Завершыць фестываль 27 лістапада Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, які прадставіць у Віцебску выдатныя працы найвядомейшага харэографа Іржы Кіліяна — «Шэсць танцаў» для віцебскага гледача «на біс» і ўпершыню балет «Маленькая смерць», які пастаўлены ў тэатры нядаўна.

Наталля КРУПІЦА, «Віцьбічы».