З бізнес-місіяй наведалі Віцебшчыну работнікі спажывецкай кааперацыі Валагодскай вобласці
Расійскія госці сустрэліся са сваімі прыдзвінскімі калегамі, наведалі Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, дзе даведаліся, як рыхтуюць кадры для сістэмы спажывецкай кааперацыі.
Акрамя таго, расіяне ацанілі працу УП «Полацкі рынак», полацкага рынку «Цэнтральны». Таксама ім прадэманстравалі краму крокавай даступнасці «Дысконт» у г. п. Баравуха, універсамы «Цэнтральны» №24 і «Родны кут» філіяла «Каапгандаль №2 Пастаўскага райпо».
Вялікую цікавасць у валагодскіх кааператараў выклікалі вытворчыя пляцоўкі. Яны ўбачылі працу хлебазавода, кандытарскага, каўбаснага, мясабойняга і квасільна-салільнага цэхаў. Тут жа ім прэзентавалі тэхналагічныя навінкі, якія павышаюць эфектыўнасць вытворчасці.
Дзелавую паездку ініцыявалі Валагодская гандлёва-прамысловая палата і Віцебскае аддзяленне БелГПП пры садзейнічанні валагодскага спажывецкага таварыства «Саюз» і Віцебскага аблспажыўсаюза. Таму невыпадкова, што ў рамках бізнес-місіі адбыліся перамовы аб супрацоўніцтве паміж кааператарамі двух рэгіёнаў. Была таксама арганізавана дэгустацыя валагодскіх і беларускіх прадуктаў харчавання, каб бакі змаглі ацаніць іх смак і патэнцыял прасоўвання харчавання на сваіх рынках.
Расійска-беларускае супрацоўніцтва ў лакальным разрэзе кааператары збіраюцца актыўна развіваць. Госці з краіны-суседкі запрасілі калег нанесці адказны візіт на валагодскую зямлю.
Алена Пятрова, «Віцебскія весці».