З пачатку 2019 года ў Аршанскім раёне прададзена 40% неефектыўна выкарыстоўваемых аб'ектаў нерухомасці

Да пачатку сацыяльна-эканамічнай перазагрузкі ў Аршанскім раёне ў гаспадарчы абарот штогод уцягвалі 20—30 прастойваючых будынкаў. А толькі ў 2019 годзе на аўкцыёнах ужо прададзена больш за 260 невыкарыстоўваемых аб'ектаў! Праграма развіцця раёна, распрацаваная да 2023 года, прыносіць бачныя вынікі.

База адпачынку «Дэвіна» апошнія два гады прастойвала.


Завабная прапанова

Вось самы свежы прыклад. Звязаны ён з продажам базы адпачынку «Дэвіна», узведзенай у 1970-я ў 40 кіламетрах ад Оршы. Месца найпрыгажэйшае: возера, сасновы лес. Клуб, летні павільён, баскетбольная пляцоўка, футбольнае поле з трыбунай — усяго 28 пабудоў і зямельны ўчастак 6 гектараў. Былі часы, узгадвае вартаўнік базы Людміла Сурганава, калі ў «Дэвіна» з'язджаліся больш за 400 чалавек:

— Шкада, але апошнія два гады база прастойвала. Жылыя корпусы не ацяпляліся, дахі працякалі.

Калісьці база належала энергетыкам. Затым яе перадалі ў камунальную ўласнасць Аршанскага райвыканкама на баланс ДП «Гатэль-Орша». Па словах намесніка дырэктара прадпрыемства Інны Касцюковай, уладальніку «Дэвіна» прыносіла толькі страты:

— Вахцёрам жа зарплату плаціць трэба! А каб людзі сюды зноў паехалі, корпусы трэба адрамантаваць, уцяпліць.


Заняўшыся пошукам інвестара, у пачатку гэтага года «Дэвіна» выставілі на аўкцыён больш чым за 400 тысяч рублёў. Патэнцыйных пакупнікоў высокая цана адпудзіла. Толькі да шостага па ліку аўкцыёну, арганізаванага 14 лістапада камітэтам «Віцебскаблмаёмасць», цана кожнага з 28 аб'ектаў у «Дэвіна» знізілася да 1 базавай велічыні. На завабную прапанову адгукнуліся 5 пакупнікоў. У тым ліку з-за мяжы. У выніку таргоў за 52 тысячы рублёў базу набыла фірма «УШПАБЕЛ» з Аршанскага раёна, якая валодае кафэ, займаецца рознічным гандлем, здае ў арэнду тэхніку і абсталяванне. Яе заснавальнік, індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Вайніловіч, прызнаўся, што ў «Дэвіна» яго з партнёрамі прываблівала перш за ўсё прырода:

— На працягу двух гадоў будзем базу рамантаваць. Плануем прыцягнуць айчынных інвестараў. Турыстычную напраў
роўнасць захаваем, зрабіўшы ўпор на сямейны адпачынак з дзецьмі.

Гаражы, прададзеныя ў кастрычніку з аўкцыёну за 1 базавую велічыню прадпрымальніку з Барані, які плануе абслугоўваць там тэхніку і вырабляць запчасткі.


Інвестары ажывіліся

Першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац упэўнены, што цікавасць да неефектыўна выкарыстоўванай нерухомасці ўзрасла ў тым ліку пасля таго, як у канцы 2018-га Прэзідэнт падпісаў Указ № 506:

— Для інвестараў з Аршанскага раёна дакумент прадугледжвае прэферэнцыі і льготы: падатковыя, мытныя, па плацяжах у бюджэт. Ён дазваляе тэхнічную дакументацыю афармляць на працягу 2 гадоў, не прымушаючы бізнесмена ў адзін момант развітвацца з вялікімі грашыма. 

Мы як прадстаўнікі ўлады сталі смелей зніжаць цэны на аб'екты, што прыходзяць у непрыдатнасць, узведзеныя яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Напрыклад, аб'екты завода ЖБВ, які доўга не прадаваўся, у канцы лістапада выстаўім на аўкцыён са зніжэннем цаны на 80%. На такую нерухомасць мы часцей сталі зніжаць цану да 1 базавай велічыні. 

Так атрымалася з базай «Дэвіна», з гаражамі ў вёсцы Абухава, прададзенымі ў кастрычніку прадпрымальніку з Барані, які плануе абслугоўваць там тэхніку і вырабляць запчасткі. Памяшканне для кафэ ў Балбасаве мы перадалі аршанскаму бізнесмену пад рэалізацыю інвестпраекта. Таксама ў працы з неефектыўна выкарыстоўванымі аб'ектамі рэспубліканскай уласнасці ў нас апынуліся развязаны рукі. Нядзіўна, што ў раён больш актыўна сталі прыходзіць інвестары з Віцебска, сталіцы.

У будынку на вуліцы Наватараў у Оршы, прададзеным з аўкцыёну, швейная кампанія арганізавала 117 новых працоўных месцаў.


Напрыклад, на вуліцы Наватараў у Воршы вытворчы ўчастак адкрыла вядомая швейная кампанія Mark Formelle. Трохпавярховы будынак, які знаходзіўся ва ўласнасці Белтэлекама, апошнія некалькі гадоў не выкарыстоўваўся. На аўкцыёне яго прадалі са зніжэннем цаны на 50%. Новы ўласнік зрабіў рамонт, паставіў швейнае абсталяванне і стварыў 117 працоўных месцаў.

Вольга Нікіціна, швачка 4-га разраду, лічыць, што па яе прафесіі ўладкавацца ў Воршы не складана, аднак не ўсе наймальнікі прапануюць годную зарплату:

— На папярэднім прадпрыемстве я атрымлівала 350 рублёў у месяц. Калі даведалася, што Mark Formelle абяцае ў 2 разы больш, з задавальненнем перайшла сюды.

Дальнабачныя планы

Уцягнуць усе неефектыўна выкарыстоўваныя аб'екты ў гаспадарчы абарот у Аршанскім раёне маюць намер да канца 2020 года. Для гэтага сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі, канцэрнамі, камітэтам Дзяржкаммаёмасць у канцы 2018-га была праведзена маштабная суцэльная інвентарызацыя. З 648 выяўленых аб'ектаў 40% прададзена сёлета! Цяпер на аўкцыёны выстаўлена 115 аб'ектаў. Больш за 30 з іх — за 1 базавую велічыню.

ЦЫФРА «СБ»

У 2019-м на аўкцыёнах камітэта «Віцебскаблмаёмасць» прададзена 75 аб'ектаў амаль на 2,5 мільёна рублёў.
 

"СБ".