З пачатку года ў вобласці на пажарах загінула 22 чалавекі
З 20 студзеня па 20 сакавіка праходзіць шэраг прафілактычных акцый па папярэджанні пажараў у жыллёвым фондзе. Такая неабходнасць узнікла ў сувязі са складанай аператыўнай абстаноўкай, якая назіраецца на тэрыторыі рэспублікі, у тым ліку і на Віцебшчыне. У нашай вобласці, па дадзеных на 23 студзеня 2013 года, адбылося 92 пажары (плюс 9 да аналагічнага перыяду 2012-га), загінула 22 чалавекі (на 12 больш).
У акцыях задзейнічаны ўсе зацікаўленыя службы: работнікі МНС, праваахоўнікі, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай сферы, апекі і папячыцельства, інспекцый Энерганагляду і іншыя. Яны абследуюць домаўладанні і кватэры грамадзян, праводзяць тлумачальную працу сярод насельніцтва. У выхадныя дні выязныя раённыя камісіі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі ўсіх суб'ектаў прафілактыкі,
будуць абследаваць жылфонд Віцебскай вобласці, паралельна звяртаючы ўвагу на факты неналежнага догляду за дзецьмі, выяўляць людзей, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, даследаваць неабходнасць аказання адраснай дапамогі шматдзетным сем'ям, адзінокім і самотна пражываючым пажылым людзям і інвалідам. Абласное ўпраўленне МНС звяртаецца да жыхароў Віцебшчыны з просьбай прыняць меры па прывядзенні сваіх домаўладанняў у пажарабяспечны стан.