З новага года ў рэспубліцы пачне дзейнічаць сістэма скідак для замежнікаў.

Будучы два гады таму ў Швецыі, я стала сведкай цікавага для мяне дзеяння. Прыяцелька, якая купіла сабе ў Стакгольме скураную куртку, у аэрапорце, перад самым вылетам у Мінск, афармляла Tax Free. Выдатківаўшы на ўсё пра ўсё (запаўненне папер, прадастаўленне чэкаў) хвілін 10 і атрымаўшы 40 еўра, Надзея патлумачыла: «Мне проста вярнулі падатак на дададзеную вартасць…»


Не сакрэт, што ў цану любога тавару ўключаны пэўныя падаткі. Так дзяржава папаўняе казну для вырашэння бюджэтных пытанняў – будаўніцтва дарог, бальніц, школ і г.д. Калі ж тавар купляе чалавек, які не пражывае ў дадзенай краіне, то, атрымліваецца, што ён марнуе гэтыя грошы «упустую», нічога не атрымліваючы ўзамен. Калі ж па справядлівасці, то замежнік не абавязаны плаціць падобныя падаткі. Але які ж сэнс дзяржаве адмаўляцца ад лішніх грошай? А сэнс маецца. Адмова ад спагнання названых падаткаў робіць тавар значна таннейшым для замежных гасцей, стымулюючы іх жаданне купляць. Такім чынам, павялічваецца экспарт прадукцыі мясцовых вытворцаў, і, акрамя таго, краіна становіцца больш прывабнай для турыстаў.


Менавіта таму шэраг дзяржаў прыняў адпаведныя заканадаўчыя акты, якія дазваляюць існаваць феномену, вядомаму пад назвай Tax Free. Вось толькі некаторыя з іх: Латвія, Літва, Эстонія, Сінгапур, Германія, Галандыя, Грэцыя, Аўстрыя, Аргенціна, Люксембург, Бельгія, Вялікабрытанія, Венгрыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Корея, Кіпр, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Славакія, Славенія, Турцыя, Харватыя, Чэхія, Фінляндыя, Францыя, Швейцарыя, Швецыя і інш.


Варта адзначыць, што ў розных краінах ПДВ розны, таму вяртанню падлягае ад 7 да 25 працэнтаў ад кошту пакупкі. Праўда, у некаторых дзяржавах, каб скарыстацца сістэмай Tax Free, трэба набыць тавары не менш чым на пэўную суму. Для пакрыцця падатку па чэках Tax Free існуе мінімальны памер пакупкі. Калі ён меншы, то ні адзін банк не возьмецца працаваць з вашымі чэкамі.
Напрыклад, калі за эквівалент узяць долар, то сума пакупкі павінна быць: у Германіі – ад 30, Даніі і Нарвегіі – ад 45, Вялікабрытаніі – ад 50, Ізраілі – ад 53, Партугаліі – ад 70, Славеніі – ад 80, Аўстрыі, Харватыі, Люксембургу, Турцыі – ад 85, Іспаніі – ад 105, Бельгіі, Венгрыі – ад 145, Фінляндыі, Грэцыі, Канадзе – ад 150, Нідэрландах – ад 160, у Італіі – ад 180, Швецыі – ад 205, у Францыі – ад 210, у Ліхтэнштэйне і Швейцарыі – ад 340.


Пры гэтым вярнуць падатак можна толькі пры пакупцы ў тым краме, дзе на вітрыне і/або касе маецца спецыяльны стыкер, які паказвае на ўдзел у сістэме Tax Free. Акрамя таго, ПДВ не вяртаецца тым, хто з'яўляецца грамадзянінам дадзенай краіны, працуе ці вядзе бізнес у гэтай дзяржаве. Таксама абмежаванні могуць быць па ўзросце (напрыклад, у Чэхіі такой паслугай могуць скарыстацца турысты старэйшыя за 15 гадоў). Прасцей за ўсё пры планаванні паездкі ў тую ці іншую краіну загадзя даведацца аб правілах Tax Free, бо дзе-нідзе абмежаваны тэрмін дзеяння чэка да 30 дзён, але ў асноўным – гэта 3 месяцы, а ў іншых месцах тавар павінен быць нераспечатаным.


Тры ўмовы
Прыемна адзначыць, што з 1 студзеня 2013 года аналагічная сістэма скідак будзе дзейнічаць і ў нашай рэспубліцы. У канцы кастрычніка кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб унясенні змен і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь». Пракаментаваць новаўвядзенне мы папрасілі намесніка начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Таццяну Ліпскую.


– Каб замежны госць мог вярнуць ПДВ, неабходна выканаць некалькі ўмоў, – тлумачыць Таццяна Віктараўна. – Па-першае, тавар павінен быць набыты ў арганізацыі гандлю, якая працуе па сістэме Tax Free, гэта значыць, якая заключыла адпаведную дамову з беларускай арганізацыяй-аператарам, што мае права ажыццяўляць вяртанне ПДВ. Па-друбое, гасцям нашай краіны не вернуць ПДВ па шэрагу пазіцый. Гаворка ідзе пра тавары, вызваленыя ад ПДВ, а таксама пра прадукцыю, якая абкладаецца ПДВ па стаўцы 10 працэнтаў (дзіцячыя тавары і прадукты харчавання), і падакцызныя вырабы (алкагольная і тытунёвая прадукцыя). Па-трэцяе, кошт пакупкі з ПДВ павінен перавышаць на працягу аднаго дня 800 тысяч рублёў (100 долараў па стане на кастрычнік 2012 года). Пры пакупцы тавару магазін афармляе чэк на вяртанне ПДВ з абавязковымі рэквізітамі, устаноўленымі кодэксам.


Пакідаючы Беларусь, замежніку трэба будзе пацвердзіць вываз тавараў, прад'явіўшы яго супрацоўнікам мытных органаў, якія ставяць адзнаку аб вывазе на экзэмпляры чэка на вяртанне ПДВ. Вяртанне сумы ПДВ ажыццяўляецца беларускай арганізацыяй-аператарам. Пасля атрымання ад замежнага госця чэка з адзнакай мытні і яго праверкі аператар ажыццяўляе вяртанне грашовых сродкаў за вылікам свайго ўзнагароджання. Трэба сказаць, што за апошнія некалькі гадоў у замежнікаў сфарміраваўся своеасаблівы пералік пераваг сярод беларускіх тавараў. Гэта трыкатажныя вырабы, абутак, мастацкая кераміка, сувеніры, дэкаратыўная касметыка, рэчы хатняга ўжытку з натуральных матэрыялаў. Згадзіцеся, прадукцыя далёка не дарагая. Магчыма, вяртанне ПДВ падштурхне эканомных замежных гасцей да больш значных пакупак…


Пра іншае
Варта адзначыць, што названы закон прадугледжвае і іншыя новаўвядзенні. Па словах Таццяны Ліпскай, з 1 студзеня 2013 года будуць зніжаны стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання: калі сёння дзейнічае стаўка падатку 7 працэнтаў без выплаты ПДВ, то з новага года будзе 5 працэнтаў. У выпадку, калі прымяняюць ПДВ, яна знізіцца з 5 да 3 працэнтаў. Гэта значыць стаўкі па спрошчанай сістэме падаткаабкладання будуць зніжаны на два пункты.


Зменіцца і гадавая выручка для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання без падатку на дададзеную вартасць, калі ў цяперашні час яна складае 3,4 мільярда рублёў, то з 1 студзеня 2013 года будзе 8,2 мільярда.
– Але самае галоўнае, аб чым прасілі ўсе супольнасці прадпрымальнікаў, – гэта павелічэнне колькасці наёмных асоб з 15 чалавек да 50, – удакладняе Таццяна Віктараўна. – Акрамя таго, усе, хто прымяняе спрошчаную сістэму падаткаабкладання  і мае зямельныя ўчасткі больш за 0,5 га, з 1 студзеня 2013 года будуць з'яўляцца плацельшчыкамі зямельнага падатку. Аналагічна і з падаткам на нерухомасць. Калі плошча памяшкання будзе перавышаць 1,5 тысячы квадратных метраў, то ўладальнік гэтай плошчы таксама становіцца плацельшчыкам падатку на нерухомасць.


Алена СЫС, «ВР»