З адкрыццём новага корпуса бальніцы імя Семашкі ў Воршы створаны міжраённы медыцынскі цэнтр
– Ён разлічаны на абслугоўванне 200 тысяч жыхароў. Гэта насельніцтва Оршы, Талачына, Дуброўна, часткі Магілёўскай вобласці. Цэнтр могуць наведваць і госці рэгіёну, – паведаміў Юрый Дзеркач. – Некалькі новых аддзяленняў аказваюць дапамогу, якую раней можна было атрымаць толькі на ўзроўні вобласці або рэспублікі, у тым ліку экстранную. Усё гэта – сацыяльная палітыка дзяржавы, якая накіравана на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва і даступнасці медыцынскіх паслуг. Аблвыканкам, райвыканкамы робяць усё магчымае, каб людзі мелі магчымасць умацоўваць здароўе. Для гэтага пабудавана Лядовая арэна ў Оршы, адкрываюцца спартыўныя залы, усталёўваюцца вулічныя трэнажоры. Плюс рэалізуюцца праграмы па лініі Міністэрства аховы здароўя. Калі ў 2010 годзе 70% аршанцаў выязджалі для дыягностыкі і лячэння ў Віцебск, то цяпер гэты працэнт зменшыўся ў 10 разоў.
Па словах галоўнага ўрача Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Уладзіміра Плыткевіча, агульны фонд бальніцы імя Семашкі з уводам новага корпуса павялічыцца амаль у два разы – да 730 ложкаў.
Цяпер тут засяроджана ўсё - дзяжурная служба, абсталяванне, транспарт, гаспадарчыя аб'екты. У корпусе №1 знаходзяцца кардыялагічнае, неўралагічнае, хірургічнае, гінекалагічнае, уралагічнае, афтальмалагічнае, прыёмнае, ангіяграфічнае, рэанімацыйнае, фізіятэрапеўтычнае, цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленні і аддзяленне гемадыялізу.
Астатнія размясціліся ў суседніх корпусах бальніцы, злучаных з новым будынкам галерэямі на ўзроўні другога паверха. Сучасныя высокія тэхналогіі даюць магчымасць праводзіць найскладанейшыя аперацыі, у прыватнасці, на сасудах і крышталіку вока, а таксама эканоміць рэсурсы. Такім чынам, створаны шматпрофільны бальнічны гарадок.
20-годдзе
працоўнай дзейнасці адзначыць у новым корпусе загадчык аддзялення прамянёвай дыягностыкі Аляксандр Рыбкін. Міжраённы медыцынскі цэнтр ён называе прарывам у ахове здароўя рэгіёна.
– Абсталяванне і тэхналогіі, якія засяроджаны тут, дазволяць выйсці на новы ўзровень у дыягнастычным абследаванні насельніцтва, – пракаментаваў Аляксандр Рыбкін. – Тут устаноўлены рэнтген-апарат беларускай вытворчасці на 3 працоўныя месцы, які дазваляе праводзіць усе віды даследаванняў. Ёсць магчымасць правядзення анлайн-канферэнцый, можна трымаць сувязь і кансультавацца са спецыялістамі абласной бальніцы, дыягнастычнага цэнтра.
У новым корпусе ўстаноўлена самае перадавое абсталяванне. Да прыкладу, ангіёграф. Раней у Оршы такога апарата не было, а цяпер тут могуць дыягнаставаць паталогіі сасудаў і прыбіраць тромбы. Штодня плануюць рабіць да сямі планавых і экстранных аперацый.
На ўзбраенні аршанскіх медыкаў цяпер і 2 ламінарныя аперацыйныя на 2 сталы, сучасная лабараторыя.
Фота і тэкст Вольгі ЛЕБЕДЗЕВАЙ, «Віцебскія весці».