З з'яўленнем новых грошай часцей сталі выпадкі, калі дзеці глытаюць манеты
Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача па педыятрыі Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра Ірына Юнес, за паўгода са страўніка і стрававода маленькіх пацыентаў, якія паступілі ў медустанову, было выдалена 23 іншародных цела, з якіх практычна палова – капейкі. Бывала, што толькі за адны суткі ў цэнтр было шпіталізавана адразу трое дзяцей, якія праглынулі манеты.
Так нечакана-негаданна новыя грошы сталі навалай для медыкаў, а для дзяцей – пагрозай іх здароўю. Вядома, цяперашнія маладыя бацькі ў большасці сваёй выраслі і жылі толькі пры папяровых грошах, і наяўнасць у доме манет для іх саміх можа быць непрывычнай з'явай, аднак гэта ўсё ж не выключае іх адказнасці. Бо капейкі – гэта як любыя іншыя дробныя прадметы, дэталі, якія не павінны трапляцца на вочы, а тым больш у рукі маленькага дзіцяці, якое так і норавіць паспрабаваць усё на смак. Пра гэта нястомна цвердзяць урачы бацькам, большасць мам і тат ведаюць гэтыя элементарныя меры засцярогі. Дзіцячы траўматызм у Віцебскай вобласці ідзе на зніжэнне, але ўсё ж выпадкі бываюць розныя...
У эндаскапістаў і хірургаў абласной дзіцячай бальніцы сабралася ўнушальная калекцыя вынятых іншародных целаў, якія малыя са сваёй дапытлівасці і бацькоўскай прапушчанасці засунулі сабе ў рот. Апроч манет у ёй і батарэйкі, якія дзеці лёгкім рухам рукі дастаюць з сучасных цацак, пазлы, зашпількі і іншыя дробныя дэталі, якія пабывалі ў страўніку ці страваводзе дзіцяці. А вось у дыхальныя шляхі часцей за ўсё трапляюць арэхі, семечкі, якія часта самі ж дарослыя даюць на пробу малым. Адзін
дзіцяці ўмудрыліся даць арэхі ў паўтары гады, давялося яму рабіць браранхаскапію.
Яшчэ адзін незвычайны выпадак прывяла Ірына Юнес. Так, насцярожыла медыкаў, калі маленькі жыхар Віцебшчыны два разы за кароткі перыяд трапіў у бальніцу з бранхітам. Рэнтген нічога падазронага не паказаў, зрабілі браранхаскапію і выявілі ў дзіцяці ў лёгкіх кавалачак цэлафану. Шмат хто з дзяцей любіць трымаць у руках шамацячыя поліэтыленавыя пакеты і, як правіла, дарослыя не адмаўляюць у такой незатейливой забаве сыну ці дачцэ. Аднак, як паказаў вопыт віцебскіх медыкаў, і тут трэба быць звыш асцярожным і не губляць пільнасці.
– Калі на фоне агульнага здароўя дзіця раптам закашлялася ці паперхнулася, трэба тут жа выклікаць «хуткую». Тым больш у вобласці арганізавана тэрміновая служба эндаскапістаў, – кажа Ірына Вальдэмаравна. – Дзякуй, што ў гэтым годзе бацькі своечасова звярталіся да ўрачоў і ўсе выпадкі дзіцячага траўматызму па нашым цэнтры скончыліся паспяхова. Аднак бацькі павінны разумець, што выманне іншародных целаў шляхам браранхаскапіі і ФГДС праводзіцца пад наркозам, такая аперацыя – немалы стрэс для дзіцячага арганізма. Калі апёк слізістай, то трэба будзе не адна маніпуляцыя, паколькі на месцы апёку можа сфарміравацца рубцовая тканіна і можа ўзнікнуць звужэнне стрававода.
Акрамя таго, ужо за гэты год адбылося 9 атручванняў, з якімі малыя траплялі ў аддзяленне рэанімацыі. У асноўным прычына – таблеткі, кроплі для носа, па неасцярожнасці пакінутыя дарослымі ў даступным месцы. Часта дзіця дабіраецца да лекаў, калі гасціць у бабулі, у якой заўсёды багатая аптэчка.
Апёкі – асобная тэма, пра якую нельга не ўспомніць, улічваючы нядаўнюю трагедыю ў Талачынскім раёне, калі 11-месячная дзяўчынка перакуліла на сябе кубак з кіпенем і памерла ў абласной бальніцы. Акрамя тэрмічных апёкаў, вялікую небяспеку ўяўляюць хімічныя. Так, за паўгода ў дзіцячы цэнтр паступілі 4 юных пацыента з хімічнымі апёкамі стрававода. Такі вынік дзіцячых эксперыментаў з воцатнай эсэнцыяй, рознымі чысцяць сродкамі, марганцоўкай.
Яшчэ адна бяда, перш за ўсё для аднагадовых дзетак, – падзенне з вышыні, у выніку чаго ў малых пераломы, расколіны костак чэрапа. Нейрахірургі дзіцячага абласнога цэнтра сутыкаюцца з такімі выпадкамі мінімум па тры разы на месяц.
Калі трэба адлучыцца на хвіліну – ні ў якім разе нельга пакідаць дзяцей на высокіх ложках, пяленальных століках, пераносных калысках, нават калі яны раней ніколі не падалі. Лепш распасцерці коўдру на падлозе, абкласці падушкамі, цацкамі, але не пакідаць немаўля на вышыні, заклікае бацькоў педыятр. Ад няшчаснага выпадку ніхто не застрахаваны. Так, літаральна на хвіліну адна мама пакінула малога ў пераноснай калысцы, немаўля выпала, у выніку – пералом у скроневай вобласці, добра, што дзіця засталося жывым.
– Найбольшую занепакоенасць выклікаюць дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, – акцэнтуе ўвагу Ірына Юнес. – Дзяржава не выпадкова дае жанчынам дэкрэтны адпачынак на такі перыяд, калі мама павінна быць увесь час побач са сваім дзіцём і ўдзяляць яму максімум увагі. Інакш вельмі высокай можа аказацца цана бацькоўскай неабдуманасці.
Наталля Рыжкова. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».