Самая бяспечная дарожная абстаноўка ў Віцебскай вобласці - у Полацку і Браславе
11 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Самая бяспечная дарожная абстаноўка ў Віцебскай вобласці - у Полацку і Браславе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна.
Абласны агляд-конкурс, прызначаны вызначыць самы лепшы рэгіён па арганізацыі дарожнага руху і бяспецы дарожнай абстаноўкі ў Віцебскай вобласці, праводзіўся з 10 лістапада па 10 снежня. За гэты перыяд супрацоўнікі ДАІ ацэньвалі ў кожным горадзе і раённым цэнтры ступень выканання правілаў дарожнага руху, узаемнай ветлівасці кіроўцаў і пешаходаў. Таксама ўлічвалася выкарыстанне насельніцтвам святлоадбівальных элементаў, абсталяванне такімі элементамі веласіпедаў і гужавых павозак, наяўнасць святлоадбівальных камізэлек у веласіпедыстаў. Ацэнка давалася ўзроўню агульнага ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі, наяўнасці дарожных знакаў, аўтаматычных сродкаў рэгулявання дарожнага руху, асветленасці ў цёмны час сутак. У ліку іншых крытэрыяў - эфектыўнасць прафілактычнай работы саміх інспектараў Дзяржаўтаінспекцыі, стаўленне мясцовай выканаўчай улады да вырашэння праблемных пытанняў забеспячэння дарожнай бяспекі.
На аснове ўсіх даных адказная камісія УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама падвяла вынікі конкурсу і вызначыла пераможцаў. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца сёння вечарам у Браславе.
Акцыя праводзілася з мэтай прыцягнення ўвагі ўсіх катэгорый удзельнікаў дарожнага руху да праблемы дарожнай бяспекі.-0-